Сёння стала вядома пра вызваленне ксяндзоў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча — каталіцкіх святар…

Сёння стала вядома пра вызваленне ксяндзоў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча — каталіцкіх святароў, якія былі асуджаныя рэжымам і правялі месяцы за кратамі за сваю пазіцыю і служэнне людзям.

Іх вызваленне адбылося пасля візіту ў Мінск прадстаўніка Папы Рымскага — кардынала Клаўдыё Гуджэроцці. У кастрычніку ён правёў шэраг сустрэч і перамоў, якія сталі штуршком да далейшага дыялогу паміж Апостальскай Сталіцай і рэжымам Лукашэнкі.

У працэсе таксама ўдзельнічалі Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа і арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.

Нягледзячы на афіцыйную рыторыку пра «міласэрнасць», варта памятаць: гэтыя святары ніколі не павінны былі апынуцца ў калоніі. Іх зняволенне — частка сістэмных рэпрэсій супраць каталіцкай супольнасці і ўсіх вернікаў, якія адкрыта асуджаюць несправядлівасць.

Сёння мы радыя іх вызваленню і адначасова працягваем патрабаваць свабоды для ўсіх беларусаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах за сваю пазіцыю. Салідарнасць і памяць — наша сіла.