ЛАНЦУГ ПАМЯЦІ КАЛЯ КГБПраз сталінскія рэпрэсіі па розным ацэнкам прайшлі ад 600 тысяч да 1,5 мільёна…

ЛАНЦУГ ПАМЯЦІ КАЛЯ КГБ

Праз сталінскія рэпрэсіі па розным ацэнкам прайшлі ад 600 тысяч да 1,5 мільёна беларусаў. Дзесяткі тысяч з іх былі растраляныя.
Непараўнальна болей загінула ў Гулагу ці на “пасяленнях” ў тундры, куды крыху больш заможных сялян высылалі сем’ямі. Малыя дзяці там гінулі ўсё. Іх нават не лічылі.
Наш чалавечы абавязак і сумленне не дазваляюць забыцца пра нявінных ахвяр.

29 кастрычніка ў Мінску ў 19.00 каля галоўнага будынка КГБ пройдзе традыцыйны (ужо 5-ы) Ланцуг памяці ахвяр сталінізму. У падвалах пад гэтым будынкам і ў турме за ім катавалі і забілі тысячы невіноўных людзей.

Да пачатку Ланцуга памяці насупраць будынка КГБ каля сквера Дзяржынскага (паміж дамамі 16 і 18 па пр. Незалежнасці) адбудзецца агітацыйны пікет кандыдата ў дэпутаты, сустаршыні Руха салідарнасці “Разам” Алены Талстой. Пікет будзе прысвечаны ахвярам НКВД. Ён пачнецца ў 18.00 і будзе месцам збора ўдзельнікаў Ланцуга памяці, які пачнецца гадзінай пазней.

Запрашаюцца ўсе, каму гэта важна. Прыносьце з сабой свечкі ці знічы. І не бойцеся. Наш страх і пакора толькі спакушаюць нашчадкаў катаў. 37-ы год можа вярнуцца, калі мы ім дазволім.

Ніколі болей. Жыве Беларусь!