Басманны суд Масквы працягнуў тэрмін арышту беларуса Сяргея Ерамеева да 30 ліпеня.
Яго арыштавалі 7 снежня мінулага года і абвінавацілі ў выбухах цягнікоў на БАМе. Кажучы юрыдычнай мовай – у здзяйсненні двух асабліва цяжкіх злачынстваў, прадугледжаных ч.2 арт.205 КК РФ «Тэрарыстычны акт».
Сяргею Ерамееву пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 12 да 20 гадоў.
Згодна з тлумачэннем, якое Сяргей Ерамееў даў на судовым слуханні ў Омску пасля затрымання, ён хацеў паралізаваць рух вайсковых грузаў на чыгунцы.
«Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была – перашкодзіць руху», – заявіў ён тады.
У першыя месяцы пасля арышту да Сяргея Ерамеева не пускалі незалежнага адваката. Аднак зараз блакада прарваная, і беларус можа сустракацца з нанятым адвакатам і выбудоўваць лінію абароны.
Сяргей Ерамееў – 52-гадовы жыхар Наваполацка, не жанаты. Ёсць двое малалетніх дзяцей. У 2020 годзе браў удзел у страйку на «Нафтане», пасля чаго яго звольнілі з прадпрыемства.
Калі ласка, падтрымайце Сяргея Віктаравіча Ерамеева ў турме. Ён вельмі спадзяецца на нашую салідарнасць!
Пісаць лісты можна на адрас:
111020, г. Масква, вул. Лефортаўскі Вал, д. 5, СІЗА № 2.