МЫ АДРАДЗІЛІСЯ!Найвысокай марай некалькіх пакаленняў беларусаў была мара пра нацыянальнае Адраджэнне…

Партыя Народная Грамада

МЫ АДРАДЗІЛІСЯ!
Найвысокай марай некалькіх пакаленняў беларусаў была мара пра нацыянальнае Адраджэнне. Беларусь рвалі на часткі, рэзалі па-жывому, ішлі на яе войнамі, вынішчалі беларусаў тэрорам, генацыдам, а мара лунала! І ўлілася морам бел-чырвона-белых сцягоў, сімвалам нацыянальнага Адраджэння ў жнівеньскую рэвалюцыю 2020 года.

Мара спраўдзілася.
НАЦЫЯ АДРАДЗІЛАСЯ!
Гэта і ёсць гістарычны вынік рэвалюцыі, як бы яна ні развівалася далей.

Гэта вынік не толькі сёлетніх мірных пратэстаў, а змаганняў і ахвяраў мільёнаў беларусаў на працягу стагоддзяў. І сёння ён прызнаны Еўропай, неад’емнай часкай якой ва ўсе часы была Беларусь. Рэзалюцыя Еўрапарламента аб непрызнанні кіраўніком краіны ўзурпатара, які сілай утрымлівае ўладу, патрабаванне перадачы ўлады беларускаму народу і ёсць еўрапейскім, міжнародным прызнаннем гэтага выніку.

Барацьба за свабодную, дэмакратычную Беларусь не завершаная. Ваенная хунта гвалтам, здзекам, катаваннямі і забойствамі спрабуе вярнуць Беларусь да лукашызму, які сутнасна выявіў сябе як фашызм. Але зрабіць гэта ўжо немагчыма. Няма такой сілы, якая магла б перамагчы мільёны людзей, акрыленых ідэяй стаць свабоднай нацыяй.

Гэта і ёсць наша нацыянальная ідэя.
Гэта з ёй мы адрадзіліся.
Гэта з ёй жыла, жыве і будзе жыць Беларусь!

Уладзімір Някляеў