У Мінску адбылася сустрэча родных зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах. Падчас сустрэчы было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы па вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў “Вызваленне-2020”.
Мэта такой ініцыятывы – данесці голас родных палітычных зняволеных да беларускага і міжнароднага грамадства, арганізаваць супольныя дзеянні па падтрымцы адзін аднаго, умацаваць салідарнасць усяго грамадства. Колькасць палітвязняў у Беларусі з пачатку сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі беспрэцэдэнтная – праваабаронцамі прызнаныя ўжо 99 чалавек (на 27.10.2020).
Падчас сустрэчы было прапанавана наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасці, усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага зняволенага, іхніх сем’яў, аказаць маральную падтрымку. Родныя палітычных зняволеных перакананыя, што супольныя намаганні больш эфектыўныя і выніковыя ў справе вызвалення палітычных вязняў.
Ініцыятары кампаніі звяртаюцца да ўсіх сваякоў палітычных зняволеных далучацца як мага хутчэй!
“Наш голас, – перакананыя яны, – павінен быць пачуты”.
Кантакты ініцыятывы “Вызваленне-2020”:
[email protected] – электронная пошта ініцыятывы
@viazni2020_bot – зваротная сувязь у Telegram