“Любіцелі мастацтва” і “тэатралы” нясуць у масы высокае мастацтва. Перавыхоўваюць ідэйных праціўніка…

“Любіцелі мастацтва” і “тэатралы” нясуць у масы высокае мастацтва. Перавыхоўваюць ідэйных праціўнікаў, якія за кратамі ў СІЗА ў Жодзіна.

Вось што напісаў Мікалай Статкевіч:

Тут над дзвярамі камеры ў густа закратаванай нішы есць дынамік, па якім перадаюць 1-ю праграму беларускага радыё. Ці нейкія інструкцыі. Вось зараз – антыковідныя. Калі мяне перавялі ў гэту камеру, я адразу пачуў, што дынамік у ёй працуе значна мацней, чым у папярэдніх. Але гэта было яшчэ ў прымальных межах. Увогуле, рэгуліроўкі гучнасці ёсць на самім дынаміку (доступ да яе – з калідора), на агульным для калідору ўзмацняльніку і ў радыёвузле.
Месяцы два таму па гэтай сетцы пачалі трансляваць запіс таемнай інаўгурацыі.
Круцілі тыдні два цэлымі днямі без перапынку на павышанай гучнасці. Але гэта асабліва не замінала, толькі смешна было. Ды на прагулках, дзе есць агульны дынамік, з іншых прагулачных камер рэагавалі ненарматыўнай лексікай. 🙂
Тыдні тры таму пачалі круціць зборку патрыятычных песняў гадзіны на паўтары, таксама “па колу”. Безумоўна, якасць большасці тэкстаў гэтых песен проста жахлівая. Здаецца, іх замовіла сама ўлада пасля падзей 2014 года ва Украіне. І, здаецца, тэндэр на напісанне гэтых тэкстаў выйграла МУС. Ну і даручыла іх напісаць “тэатралам”, бо, усё роўна сядзяць гадзінамі ў аўтазаках, нічога не робяць. Тыя і напісалі. Мабыць, узводамі працавалі.
Але эстэтычныя пакуты ад гэтага “выхаваўчага мерапрыемства” – не самае страшнае. Бо круцяць гэтыя песні на максімальна магчымай гучнасці. Прычым, чамусьці, прыстойныя песні гучаць цішэй, а з радкамі кшалту “Беларусь мая, ты самая мая” ці “Беларусь мая, ты самая народная” пагражаюць разнесці вакно. Думаю, што гэта выканаўцы, разумеючы ўбоства тэксту, спрабуюць перабіць яго дэцыбеламі 🙂

Уся гэта “музыка” раве з раніцы і да пасля абеду, у лепшым выпадку. Тады можна абыйсціся толькі галаўным болем. Але, калі гэта цягнецца да вечара, то падскоквае частата пульса. Могуць пачацца і збоі сардэчнага рытму (дарэчы, гэта тыповая рэакцыя арганізму на такое). Заявіў прадстаўніку адміністрацыі, што лічу гэта катаваннем.

02.12.2020