#цікавінкі
Тым, каму складана запомніць назвы пальцаў на руках, дапаможа верш Рыгора Барадуліна.
Засвой!
Пяць пальцаў на руцэ тваёй,
Як кожнага завуць,
Засвой.
Пястук –
Усіх братоў пастух,
Ён першы пачынае рух.
Ківун –
Ён грозна робіць кіў,
Каб кепскага ты не рабіў.
Даўгай –
За ўсіх даўжэй, таму
“Дапамагай!” – крычаць яму.
Пярсцец –
Ён порсткі правяраць,
Пярсцёнкі любіць прымяраць.
І мезенчык
Мяншун, які
Склікае пальцы ў кулакі.
Пяць пальцаў – моцная радня
І ўсіх трымае
Даланя.
2 сакавіка 1997 года