Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Менавіта так па-беларуску вітаюцца на Вялікдзень. Віншуем усіх,…

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Менавіта так па-беларуску вітаюцца на Вялікдзень. Віншуем усіх, хто адзначае “свята святаў” сёння ды прапануем пачытаць вершы беларускіх паэтаў пра Вялікдзень.

Ларыса Геніюш

Хрыстос уваскрос!
і свет прачнуўся
вясной на голлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
каб светач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацці, і для нас.
Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсне наша Беларусь!

1954

Рыгор Барадулін

Прыходзіла Вялічка на сяло
З чырвоным яйкам, з белатварым сырам,
I сцежку, паднядзеленую жвірам,
Світанне лугам за руку вяло.
Іграла сонца, ажывала тло,
Свянцонка пахла злагадаю, змірам.
I ўсім малечым вачаняткам шчырым
Прысмакаў досыць на стале было.

Расло святло, надзея ўваскрасала.
З душы ўцякалі недавер і змрок.
I песняў валачобнікам хапала.
I сніўся падарожжу сон далёкі.
I адвячорак позніўся знарок.
Ішлі па небе продкі, як аблокі.

Больш вершаў тут: https://www.movananova.by/zaniatki/cikavostki-vershy-belaruskix-paetau-pra-vyalikdzen.html