#тэорыямовыЧым адрозніваецца занятак ад заняткаў, а ўпрыгожанне ад упрыгожвання?Занятак – гэта, безу…

#тэорыямовы

Чым адрозніваецца занятак ад заняткаў, а ўпрыгожанне ад упрыгожвання?

Занятак – гэта, безумоўна, мнагазначнае слова, некаторыя значэнні якога залежаць ад ліку. Калі мы ўжываем слова ў адзіночным ліку, то маем на ўвазе дзейнасць, якой нехта заняты, яго ці яе справы або працу. Капаць зямлю, пісаць ліст, будаваць дом – гэта занятак. Памятаеце, з дзіцячага вершыка “Вясёлы цягнік” Рыгора Барадуліна:

 І ў ціхіх качанятак

Цікавы быў занятак:

Нырца даваць

у ямы

ля мамы.

 Як бачым, занятак могуць мець не толькі людзі, але і іншыя жывыя істоты. Аднакаранёвы прыметнік да слова занятак – заня́ты, то бок той, хто мае шмат спраў. Звярніце ўвагу на тое, што месца націску ў нашым слове заня́ты і ў яго рускіх адпаведніках – за́нят ці занято́й — не супадае.

 Што тычыцца множналікавай формы заняткі, то яна ўжываецца ў значэнні ‘вучэбныя гадзіны ці ўвогуле час вучэння’. У гэтым значэнні слова мае сінонімы — урок, лекцыя, семінар.

 Такім чынам, калі мы нешта робім, прыкладам, у хаце, на падворку, у агародзе ці на працы — гэта будзе называцца занятак. А тое, што наведваюць вучні ці студэнты — заняткі.

 Упрыгожанне і ўпрыгожванне

Даволі часта словы ўпрыгожанне і ўпрыгожванне носьбітамі мовы ўспрымаюцца як варыянты і ўзаемазамяняюцца ў тымі самым кантэксце: шыкоўнае ўпрыгожанне і шыкоўнае ўпрыгожванне. Ці слушная такая ўзаемазамена? Безумоўна, не. Гэта розныя словы, а не варыянты аднаго і таго ж слова, таму ўжываць іх у адным значэнні нельга.

Упрыгожанне, або яшчэ з іншым націскам – упрыгажэ́нне — гэта прадмет для аздаблення чагосьці, так бы мовіць, для прыгажосці. Мы кажам каляднае ўпрыгожанне ў значэнні ‘калядная цацка, калядная дэкарацыя’. Гэтае слова мае як адзіночны, і множны лік: жаночае ўпрыгожанне і жаночыя ўпрыгожанні. 

А вось упрыгожванне – гэта ўжо не прадмет, а працэс, дзеянне. Значыць, што мы робім нешта прыгожым, аздабляем нешта пры дапамозе ўпрыгожанняў. Тады кажам: упрыгожванне горада гірляндамі, упрыгожванне дома кветкамі. Звярніце ўвагу, што слова ўпрыгожванне ўжываецца толькі ў адзіночным ліку.