#граматыкаНе самая займальная, але важная тэма, для тых, хто хоча правільна гаварыць і пісаць па-бел…

#граматыка

Не самая займальная, але важная тэма, для тых, хто хоча правільна гаварыць і пісаць па-беларуску.

Колькасна-іменныя спалучэнні

Пад колькасна-іменнымі спалучэннямі маюцца на ўвазе спалучэнні колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, прыметнікамі і займеннікамі. Калі ў такім спалучэнні ўжываецца лічэбнік адзін, то ён дапасуецца да назоўніка ва ўсіх катэгорыях: адзін сталы чалавек, адна маладая дзяўчына, адно пабітае акно. Такім самым чынам паводзяць сябе і лічэбнікі два, абодва, дзве, абедзве, тры, чатыры. Трэба памятаць, што пры іх у назоўным і вінавальным склоне назоўнікі маюць форму назоўнага склону множнага ліку, то бок адказваюць на пытанні хто? што?: два сталы, абодва браты, дзве кнігі, абедзве сяброўкі, тры дні, чатыры месяцы. Гэта важны момант, бо памылкі ва ўжыванні дадзеных канструкцый абумоўленыя ўплывам рускай мовы, дзе пасля ўзгаданых лічэбнікаў ужываюцца назоўнікі ў родным склоне адзіночным ліку, напрыклад, два стола, три дома, а не два сталы, тры дамы, як у нас. Гэта правіла таксама распаўсюджваецца на складаныя назоўнікі, таму правільна трэба казаць: дваццаць два дамы, трыццаць тры сталы. Пры ўсіх астатніх лічэбніках — пяць, шэсць, адзінаццаць, дваццаць восем і г.д. — назоўнік будзе стаяць у форме роднага склону множнага ліку: пяць сталоў, шэсць дамоў, дваццаць восем хлопчыкаў.Калі ў колкасна-іменным спалучэнні да назоўніка адносіцца прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік або займеннік, то ён будзе ставіцца ў той самай форме, што і сам назоўнік: тры дубовыя сталы, абедзве вясёлыя сяброўкі, два твае сыны, чатыры непадрыхтаваныя тэмышэсць зімовых дзён. Нават у тым выпадку, калі азначэнні стаяць перад лічэбнікам, яны захоўваць тую самую форму: дубовыя тры сталы, твае два сыны. Выключэнне складаюць толькі спалучэнні, якія паказваюць недакладны лік або маюць узмацняльнае значэнне. У іх азначэнне можа выступаць у форме роднага склону: праз якіх-небудзь два дніцэлых тры гадзіны! Калі ж колькасна-іменнае спалучэнне выражае дакладны лік, азначэнне пры ім, як правіла, ужываецца ў форме назоўнага склону: у свае васемнаццаць год, доўгія сем дзён.

Што тычыцца дробавых лічэбнікаў, то яны паводзяць сябе аналагічным чынам. Калі ў якасці лічніка (першай часткі дробавага лічэбніка) выступаюць словы два, тры, чатыры, то другая частка (назоўнік) будзе стаяць у форме назоўнага склону множнага ліку: дзве трэція, чатыры сёмыя. Калі ж першае слова – лічэбнік ад пяці і вышэй, то другое будзе стаяць у форме роднага склону множнага ліку: пяць шостых, восем дзявятых.

Звярніце ўвагу, што дробавы лічэбнік паўтара ўжываецца пры назоўніках мужчынскага і ніякага роду, паўтары – пры назоўніках жаночага роду: паўтара кілаграма, паўтара вядра, паўтары гадзіны. Лічэбнікі паўтара і паўтары не змяняюцца і ва ўсіх склонах маюць адну форму. Назоўнікі пры іх у назоўным і вінавальным склонах маюць форму роднага склону адзіночнага ліку: паўтара дня, паўтары хвіліны.