У гэты дзень, 2 лютага 1838 г. нарадзіўся слаўны сын беларускай зямлі Кастусь Каліноўскі.
15 цікавых фактаў пра Кастуся Каліноўскага
У бацькі Кастуся – Сымона Каліноўскага было 25 дзяцей ад двух шлюбаў. Але з родных братоў і сясцёр, якіх было 10, Кастуся ніхто не перажыў.
Кастусь Каліноўскі, народжаны 2 лютага 1838 года ў Мастаўлянах (сёння – тэрыторыя Польшчы, на самай мяжы з Беларуссю), быў ахрышчаны двойчы. Першы раз у адпаведнасці са святцамі ў гонар каталіцкага святога Вінцэнта Сарагоскага. А другі – у гонар Канстанціна, сына святара Мастаўлянскай уніяцкай царквы Сымона Крукоўскага, з якім сябравала сям’я Каліноўскіх.
Пасля заканчэння ў 1852 годзе Свіслацкай гімназіі, Кастусь амаль тры гады дапамагаў бацьку па гаспадарцы ў набытым Каліноўскімі маёнтку Якушоўка (сёння – Свіслацкі раён). Пасварыўшыся з мачахай, у пачатку 1856 года ён паехаў паступаць у Маскоўскі ўніверсітэт.
Пражыўшы паўгода ў Маскве, летам 1856 года разам са старэйшым братам Віктарам Кастусь пераехаў у Пецярбург. Прычына – замоўленая Віктару праца па пошуку старых дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы ад Археалагічнай камісіі.
Кастусь Каліноўскі ў 1856 годзе стаў студэнтам разраду камеральных навук Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе рыхтавалі гаспадарчых і адміністрацыйных служачых. За навучанне ён не плаціў, прадаставіўшы пасведчанне аб цяжкім матэрыяльным становішчы.
Падчас навучання Кастусь быў абраны бібліятэкарам пры зямляцтве студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай “Огул”. Гэтая была фактычна кіруючая пасада аб’яднання.
У 1859 годзе Кастусь Каліноўскі захварэў цяжкай нервовай хваробай, “падобнай падучцы” (эпілепсія). Але здолеў вылечыцца. Дапамог вядомы пецярбургскі медык Мікалай Фёдаравіч Здэкаўэр.
Першыя тры курсы Каліноўскі вымушаны быў шукаць магчымасць зарабляць на пражыванне ў сталіцы Расійскай імперыі, таму вучыўся вельмі дрэнна. Але апошнія два курсы стаў амаль выдатнікам. Напачатку 1861 года Кастусь Каліноўскі здаў іспыты, абараніў дысертацыю і быў зацверджаны ў вучонай ступені кандыдата. Назва яго навуковай работы да сённяшняга часу застаецца невядомай.
У якасці першага месца працы Кастусь Каліноўскі абраў канцылярыю віленскага ваеннага губернатара Уладзіміра Назімава. Але ўладкавацца туды не дапамагла нават пратэкцыя ад’ютанта генерал-губернатара Людвіга Звяждоўскага, будучага кіраўніка паўстання на Магілёўшчыне.
У Гродне Каліноўскі хацеў уладкавацца следчым. Не атрымалася.
Кастусь Каліноўскі як стваральнік Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі па падрыхтоўцы паўстання, быў выдатным канспіратарам. Нават маючы дакладнае апісанне, жандармы не маглі яго пазнаць.
Падчас паўстання яго палітычныя праціўнікі (“белыя”), якія выступалі супраць сацыяльных зменаў на карысць простага народу здзейснілі пераварот, каб не дапусціць рэалізацыі планаў Каліноўскага. У адказ ён напісаў пратэст, у якім заявіў, што здымае “з сябе ўсякую адказнасць перад будучыняй за ўсе памылкі і за ўсе страты і няшчасці, якія прынясе працілеглае духу і тэндэнцыям паўстання кіраўніцтва”.
У апошнія месяцы жыцця Каліноўскага ў Вільні па горадзе распаўсюдзіліся чуткі пра яго як “круля Літвы”, які збіраецца ўтварыць на тэрыторыі Беларусі і Літвы асобную дзяржаву, незалежную як ад рускіх, так і палякаў.
За кратамі Каліноўскі напісаў “Лісты з-пад шыбеніцы”, якія вынесла на волю Ядзвіга Макрыцкая, цётка яго нарачонай Марыся Ямант. Праз Кёнігсберг яны трапілі ў Парыж і былі надрукаваныя ў 1867 годзе. Доўгі час лічыліся падробкай, пакуль іх арыгінал не быў знойдзены Уладзімірам Казберуком у 1980 годзе ў Польскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
Кастусь Каліноўскі быў прысуджаны да растрэлу, але генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў асабіста замяніў пакаранне на павешанне, якое і адбылося 22 сакавіка 1864 года. Падчас чытання прысуду Каліноўскі ў адказ на тое, што яго назвалі дваранінам прамовіў “У нас няма дваран, усе роўныя”. Іншыя яго словы, якія ён яшчэ паспеў вымавіць, не захаваліся.