Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак
Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.
Што можна зрабіць?
Арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і ў памяць пра Вітольда Ашурка (паведамі пра акцыю нам у тэлеграме @Spring96info, каб мы пазней унеслі яе ў агульную афішу);
Прычапі да аддзення «жоўтую бірку экстрэміста» ў знак салідарнасці з палітвязнямі (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 на 10 см);
Распавядзі ў сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітвязняў з хэштэгам #МойСябраПалітвязень;
Напішы адкрыты ліст-пост палітзняволенаму з хэштэгам #свабодупалітвязням;
Запалі ўвечары 21 траўня ў сябе дома ці ў іншым месцы свечку памяці палітзняволенаму Вітольду Ашурку;
Дашлі палітвязню ліст салідарнасці (гэта можна зрабіць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці, а абраць палітвязня можна з дапамогай рандамайзера)
Падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай;
Прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных (можаш прапанаваць сваю ідэю нам у тэлеграме @Spring96info).
Свабоду палітвязням!