7 лістапада 1917 году зьяўляецца чорнай датай для беларускага і шматлікіх іншых народаўАле пры гэтым…

7 лістапада 1917 году зьяўляецца чорнай датай для беларускага і шматлікіх іншых народаў

Але пры гэтым у лукашэнкаўскай БССР 2.0 гадавіна так званай “кастрычніцкай рэвалюцыі” лічыцца сьвятам і выходным днём, — піша “РУХ”.

Але ж што прынесла Беларусі і беларускаму народу гэтая падзея? “Дзякуючы” ёй была ліквідаваная нацыянальная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. “Дзякуючы” ёй нашыя землі былі падзеленыя паміж іншымі краінамі. “Дзякуючы” ёй былі забітыя ці рэпрэсаваныя больш за мільён беларусаў. “Дзякуючы” ёй былі зьнішчаныя тысячы прадстаўнікоў палітычнай, культурнай, творчай і духоўнай эліты. “Дзякуючы” ёй адбылася татальная русіфікацыя і дэнацыяналізацыя нашага народа, культуры і сьвядомасьці. “Дзякуючы” ёй нашых хлопцаў адпраўлялі паміраць на незразумелых чужых войнах па сьвету. “Дзякуючы” ёй сотні тысячаў беларусаў заразілася радыяцыяй Чарнобыля. Дык за што беларусы павінны сказаць “дзякуй” і радасна сьвяткаваць гвалтоўны бальшавіцкі пераварот? За прыгнёт, зьнішчэньне і забойствы? Часовы тактычны пэрыяд беларусізацыі, пэўныя эканамічныя і навуковыя посьпехі ніколі не пераважаць усіх тых шматлікіх злачынстваў і гора, што прынесла за сабою дата 7 лістапада 1917 году.

Пры гэтым, бальшавікі не разглядалі ніякай дзяржаўнасьці беларусаў. Пасьля кастрычніцкага перавароту на нашых землях была ўтворана “Заходняя камуна” і ўключана ў склад савецкай Расеі, а яе тагачасныя кіраўнікі былі ўвогуле іншаземцамі. Адзін зь іх, Вільгельм Кнорыньш (Кнорын), заяўляў ў газэце “Звезда” у кастрычніку 1918 году:
«Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от русских, должны быть изжиты».
Такога ж меркаваньня прытрымліваліся і ягоныя паплечнікі Аляксандар Мясьнікян (Мясьнікоў), Карл Ландэр і іншыя, а цяпер імёнамі гэтых ненавісьнікаў беларушчыны названыя вуліцы нашых гарадоў. Пры гэтым хаця б нейкую фіктыўную дзяржаўнасьць пры бальшавіках, Беларусь па сутнасьці займела толькі дзякуючы БНР і нацыянальнаму руху. Стварэньне БССР гэта вымушаны тактычны крок камуністаў, а ня іх клопат аб нашым народзе.

Сёньня на нашай Радзіме пануе нэасавецкі рэжым Лукашэнкі, які ўжо дзесяцігодзьдзямі працягвае тую ж самую антыбеларускую і антынацыянальную палітыку. Усё нашае так жа прыгнятаецца, зьнішчаецца і забіваецца. Але рэжым Лукашэнкі ўзрос не на пустым месцы. Ён стаўся вынікам неасуджанага ў 1990-ых гадах камунізму, ня зробленых гістарычных урокаў, не асэнсаваных вынікаў падзей 7 лістапада 1917 году. Таму цяпер беларускі народ працягвае пакутаваць у “советском раю”.

Беларускі нацыяналізм і нацыяналісты – айцы-заснавальнікі і прадстаўнікі БНР, дзеячы нацыянальнага руху, слуцкія паўстанцы, хлопцы бацькі Булак-Балаховіча, партызаны Міхала Вітушкі, ваяры і дзеячы супраціву, адраджэнцы 1980-1990-ых гадоў зьяўляліся галоўнымі ворагамі тых, хто захапіў ўладу 7 лістапада 1917 году. Бо яны жадалі бачыць незалежную, дэмакратычную і нацыянальную Беларусь, што цалкам супярэчыць усяму савецкаму. Па гэтаму ачарніць, абылгаць беларускі нацыяналізм і нацыяналістаў, зрабіць з гэтага пудзіла, навесіць самых страшэнных цэтлікаў зьяўлялася важнейшай мэтаю для камуністаў. Гэтую ж устаноўку працягвае ўвасабляць і лукашэнкаўскі рэжым. Бо ён таксама вельмі добра разумее, што менавіта праз нацыянальную арыентаванасьць, праз нацыяналізм, беларускі народ зможа яго зрынуць.

Толькі калі нашыя людзі усвядомяць гэта. Калі яны зразумеюць, што беларускі нацыяналізм – гэта шлях да сапраўднай незалежнай, дэмакратычнай і нацыянальнай Беларусі, толькі тады мы зможам  перамагчы гэтае бясконцае 7 лістапада.