Ігар Тур апублікаваў відэа з польскага паркінга, дзе нібыта дзейнічаў актывіст Аксёнаў

Мінск Навіны

Прапагандыст Ігар Тур апублікаваў сёння тры відэа, якія нібыта зрабіў для іх абведзены вакол пальца актывіст Аксёнаў. Гэтыя відэа, па словах Тура, з паркоўкі польскіх спецслужбаў і прыводзяцца як доказ дзёрзкай аперацыі. Не факт, дарэчы, што гэта рабіў Аксёнаў. Але…

Уважлівае вока адразу зачэпіцца за нумары з рэгістрацыяй RZ – гэта Rzeszów на паўднёвым усходзе Польшчы. На адным відэа мы бачым надпіс Komenda Wojewódzka Policji. Забіваем у гугл гэтыя тры словы і назву горада Жэшув – і атрымліваем фота, так, здалёк бачны менавіта гэты будынак. Гэта вялікі і абсалютна адкрыты паркінг, побач з якім аўтобусны прыпынак. Там няма ніякай агароджы ці аховы. То бок, запаркавацца там можа любы жадаючы. У інтэрнэце мора фотак гэтага паркінга.

У адным крыле гэтага будынку сапраўды месціцца Агенцтва ўнутранай бяспекі, аналаг КДБ Беларусі. Але паркінг там зачынены, як бачна з гугл мапаў. І ніякага відэа адтуль, прынамсі ў апублікаваных Турам, няма. За тое на відэа трапіла шыльда Цэнтра псіхічнай падтрымкі.