Сваячка Мікалая, якая пражывае ў Польшчы, расказала @radiosvaboda, што бандэроль з віншаваннямі і цукеркамі палітвязню даслалі з разлікам, што яна патрапіць у калонію на каталіцкае Раство:
«Ужо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда».
Паводле закону, цягам года вязні на строгім рэжыме (на такім утрымліваюць Мікалая) могуць атрымаць прынамсі адну бандэроль. Аўтуховічу за 2023 год не перадалі ніводнай.
Таксама @radiosvaboda паведамляе са спасылкаю на сваякоў палітвязня, што 30 снежня ён патэлефанаваў некаторым сваякам і павіншаваў іх з новым годам. Мікалай меў бадзёры голас і сказаў, што са здароўем у яго ўсё нармальна.