Беларус беларусу беларусУ апошняга Дудзя тэма – расейская прапаганда. Не сказаў бы, што гэта самы ўд…

Беларус беларусу беларус

У апошняга Дудзя тэма – расейская прапаганда. Не сказаў бы, што гэта самы ўдалы выпуск, але я пра іншае. Адна з гераінь, Маша Барзунова, адказваючы на традыцыйнае пытаньне “у чым сіла?”, сказала:

“Калі я была ў Беларусі ў 2020 годзе, я пабачыла тое, чаго я ніколі не бачыла ў Расеі. Тое, як людзі любяць адзін аднога. І гэта дзіўная штука, вельмі банальная, магчыма. Але тое, як яны аберагалі адзін аднога, любілі адзін аднога, і зацягнулі мяне ў гэта –гэта вельмі ўражвае.
А ў нас, у Расеі, нават на фоне вайны і пасадак – усе гатовыя адзін аднога перагрызьці..”

Вядома, знойдуцца аматары паспрачацца (якія толькі гэта і ўмеюць), але я б хацеў, каб мы пачулі і ацанілі гэты погляд збоку на беларусаў. Бо мы надта часта паглынаемся ў сваім самаедзтве і скрозь лес крытыкі ня бачым станоўчыя якасьці большасьці беларусаў.

І канешне, гэтую салідарнасьць і любоў імкнуцца разбурыць. З аднаго боку, рэжым, які вынішчае любыя праявы добрага і высокароднага ў чалавеку, і ўздымае самыя нізкія і подлыя якасьці. Зь іншага боку, змагары з “невероятнымі”, людзі, якія нібыта выступаюць за еднасьць, але на самой справе працуюць на раз’яднаньне, палітыкі, якія заяўляюць, што любяць беларусаў у цэлым, але, як выглядае, ня любяць ніводнага канкрэтнага беларуса. Альбо тыя “прагрэсісты”, якія гатовыя абражаць і ненавідзець большую частку беларускага грамадзтва толькі за тое, што яны не падзяляюць іхніх поглядаў, напрыклад, на мігрантаў ці ЛГБТ.

Усе гэтыя людзі не жадаюць ці не ўмеюць бачыць галоўнага.

А гэтая дзяўчына з Масквы прыехала і адразу схапіла і зразумела самае галоўнае. “Беларус беларусу беларус”.

Тое, што мы не павінны страціць.