
Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк (як раней і Эдуард Пальчыс) таксама адзначыла, што не мае энтузіязму адносна новых спробаў выцягнуць рэжым Лукашэнкі на дыялог дзеля вызвалення людзей.
«Я была апошняй палітзняволенай, якая размаўляла з Вольгай Маёравай. […] Вользе было вельмі цяжка. Яна слепла. […] На яе жоўтай бірцы канцом тэрміну значыўся 2042 год.
Мы хадзілі ўпрыцемках па марозе, ад плота да плота “лакалкі” і размаўлялі, размаўлялі. Вольга была шчаслівая, і я была шчаслівая гэтымі размовамі. Ведаеце, што сказала мне тады Вольга?
– “Я пратрымаюся, я ўсё выцерплю! Я гатовая быць тут – толькі б даціснулі Лукашэнку, толькі б гэта дапамагло скончыць з рэжымам!”
Я хачу сказаць усім, хто лямантуе, хто енчыць – такія людзі як Вольга Маёрава ў лукашысцкіх засценках таксама ёсць. […]
Праблему беларускіх палітвязняў вырашыць толькі ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі. Гнайнік мусіць быць выдалены хірургічным шляхам, а не прыпудраны».