Як расійскае тэлебачанне вучыла нас глядзець на сябе чужымі вачыма
Уявіце – ці проста ўзгадайце – тэлевізійную карціну постсавецкага свету. У маскве – вялікія шоу, модныя рэстараны, знакамітасці, новыя тэхналогіі і людзі, якія нібыта вызначаюць, куды рухаецца свет. А калі ў кадры зʼяўляецца Беларусь, то гэта часта штосьці пра бульбу, сельскую гаспадарку, лукашэнку ў вобразе калгасніка з дзіўным акцэнтам і жарты пра савецкае мінулае.
расія ў гэтай сістэме – сучасная, маштабная і ўплывовая. Беларусь – маленькая, смешная і адсталая. Атрымліваецца не проста розніца паміж дзвюма краінамі, а цэлая іерархія: адзін бок мае права быць узорам, другі – абʼектам кпінаў.
Праблема ў чым? А ў тым, што расійскія каналы масава глядзелі (і працягваюць глядзець) у Беларусі з 1990-х. На іх ішлі забаўляльныя праграмы, серыялы, ток-шоу, палітычныя дыскусіі і сатырычныя перадачы. Для значнай часткі гледачоў расійская тэлевізійная прастора была не нейкім далёкім замежным медыя, а звычайнай часткай штодзённага жыцця. Адсюль вырасталі сотні тысяч чалавек, для якіх расійскае = сваё.
А як паказвалі Беларусь ці беларусаў? У анімацыйным шоу «Мульт личности» лукашэнку паказвалі ў драўлянай хаце, з мяшкамі бульбы і гукамі жывёлы на фоне. Ягонае атачэнне перадавала ўяўленне пра Беларусь як пра нешта вясковае, састарэлае і тэхналагічна адсталае. У «Вечернем Урганте» ягоны вобраз таксама выкарыстоўваўся для стварэння кантрасту паміж Беларуссю і сучаснымі тэхналогіямі.
Такія жарты стваралі іерархію, у якой расія паўставала сучаснай і заможнай, а яе суседзі – перыферыйнымі і непаўнавартаснымі. Пры гэтым палітычны кіраўнік станавіўся сімвалам усёй краіны.
Вясковасць сама па сабе не зʼяўляецца чымсьці ганебным. Сельская гаспадарка – частка эканомікі, а вёска – частка нацыянальнай культуры. Праблема ў тым, што вясковае выкарыстоўваецца як сінонім адсталасці, а беларускі акцэнт, мясцовыя гаворкі і культурныя асаблівасці – як прыкметы недалёкасці.
У такой сістэме нават мова і вымаўленне становяцца інструментамі сацыяльнай і культурнай іерархіі. Адну манеру гаварыць паказваюць як адукаванасць і сучаснасць, іншую – асацыююць з недасведчанасцю і правінцыяй. Чалавеку прапануюць смяяцца не толькі з канкрэтнага палітыка, але і з усяго, што нагадвае яму пра ўласную краіну.
А чаго ў гэтай карціне амаль не застаецца? Таго, дзе Беларусь – краіна з багатай гісторыяй гарадоў і мястэчак, з уласнымі літаратурнымі і мастацкімі традыцыямі, з навуковымі дасягненнямі, архітэктурай, музыкай і інтэлектуальным жыццём. Дзе беларусы як людзі, якія не толькі працуюць у калгасах ці жывуць у цені масквы, але і ствараюць, вынаходзяць, спрачаюцца, падарожнічаюць і самастойна асэнсоўваюць свет.
Калі краіну пастаянна паказваюць праз некалькі стэрэатыпаў, яе складанасць знікае. Яна перастае быць паўнавартасным грамадствам і становіцца персанажам у чужой гісторыі – смешным суседам, малодшым братам або дзіўнай правінцыяй.
І калі чужая расійская медыяпрастора займае значную частку вольнага часу чалавека, узнікае небяспека: ён пачынае успрымаць яе меркі як натуральныя. маскоўскае здаецца больш прэстыжным, расійскае – больш прафесійным, а беларускае трэба апраўдваць, тлумачыць або даказваць, што яно не горшае.
Гэта і ёсць сімвалічная перыферызацыя: не абавязкова забараняць нацыянальную культуру, каб адсунуць яе на другі план. Дастаткова зрабіць так, каб яна рэдка зʼяўлялася ў ролі чагосьці сучаснага, значнага і вартага захаплення.
Чаму мы павінны глядзець на сваю краіну праз чужую камеру, каб вырашыць, ці вартая яна павагі?
Беларусь не абавязана быць падобнай да масквы, каб быць сучаснай. І не павінна даказваць, што яна не калгас, каб мець уласную годнасць. Беларусь не правінцыя чужога свету. Беларусь – асобная краіна, якая мае права сама расказваць пра сябе.