У Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску ўслаўлялі Суворава4 кастрычніка ў мінскім Свята-Елісавецін…

Мінск Навіны

У Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску ўслаўлялі Суворава

4 кастрычніка ў мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры адбыўся дабрачынны музычна-паэтычны вечар «Обнимая небо». Сярод песень пра восень, школу і каханне прагучала і песня «Генералиссимус Суворов» з рэпертуару расійскага Z-выканаўцы Алега Газманава. Яе выканалі двое манахаў і адзін з братоў манастыра.

Як нагадвае «Хрысціянская візія», гэта не першы выпадак услаўлення Суворава прадстаўнікамі праваслаўнай царквы ў Беларусі. У лістападзе 2024 г. ігумення Спаскага манастыра Еўфрасіння выступіла ў Кобрыне на «Сувораўскіх чытаннях» з дакладам пра расійскага палкаводца як праваслаўнага хрысціяніна.

У гісторыі Беларусі Сувораў вядомы найперш як адзін з кіраўнікоў падаўлення паўстання Касцюшкі ў 1794 г. За ўдзел у яго разгроме ён атрымаў ад Кацярыны II Кобрын з наваколлем і тысячы прыгонных сялян.

Нягледзячы на гэта, яго імя дагэтуль носяць вуліцы беларускіх гарадоў і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.