
14 верасня спаўняецца 106 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Шэсць гадоў таму, калі ўстанова набліжалася да свайго стагоддзя, у яе сценах адбываліся падзеі, якія змянілі тэатр: большая частка трупы была звольнена, юбілейныя мерапрыемствы адменены, а дзень стагоддзя тэатр сустрэў з зачыненымі дзвярыма. Пра юбілей, які не адбыўся, згадвае тагачасны прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц.
Якім магло б быць стагоддзе тэатра, калі б яно адбылося?
Паводле папярэдніх планаў, урачыстасці на Энгельса, 7 мусілі праходзіць цягам некалькіх дзён. Святкаванне павінна было пачацца 11 верасня з прэс-канферэнцыі з тэатралізаванымі эпізодамі са спектакляў. Падчас яе планавалі ўрачыста пагасіць юбілейны канверт з маркай, а таксама прэзентаваць памятную манету ад Нацбанка. Кульмінацыя была прызначана на 14 верасня: бліжэй да вечара перад будынкам тэатра збіраліся адкрыць алею зорак. Цырымонія павінна была прайсці пад гукі аркестра — гэта задумвалася як гістарычны перагук з пажарным аркестрам, які граў у Аляксандраўскім скверы стагоддзе таму. Унутры будынка — цырымоніймайстар, жывая музыка, выстава 100 партрэтаў на сценах, у каміннай зале — святочны пачастунак і экспазіцыя тэатральных касцюмаў і элементаў сцэнаграфіі. У 18:45 гледачоў павінны былі запрасіць у глядацкую залю.