Беларуская грамада ў Варшаве разьвіталася з Аляксандрам Мілінкевічам. Прагучала шмат добрых словаў, …

Мінск Навіны

Беларуская грамада ў Варшаве разьвіталася з Аляксандрам Мілінкевічам. Прагучала шмат добрых словаў, і ў будучым, перакананы, будзе прамоўлена і напісана яшчэ болей.

Але цяпер хачу сказаць пра іншае. Кіраўніцтва Польшчы, аддаўшы беларускаму палітыку належныя знакі пашаны, выявіла ня толькі дзяржаўную мудрасьць, а і сапраўднае высакародзтва.

І як жа гэта кантрастуе з плебействам прарасейскага рэжыму ў Менску!

Зусім нядаўна адышоў у іншы сьвет Пётра Садоўскі — ні слова спачуваньня ад уладаў. Як раней не заўважылі афіцыйныя структуры сыход ягоных калег па Вярхоўным Савеце Мікалая Крыжаноўскага, Мікалая Аксаміта, Лявона Дзейкі…

«Не заўважылі», канешне варта браць у двукосьсі — гэта якраз дэманстратыўнае ігнараваньне. Бо тыя, хто закладаў падмурак беларускай дзяржаўнасьці, ёсьць для акупацыйнага рэжыму ворагамі. Гэта выявілася і ў беспрэцэдэнтна абразьлівым стаўленьні да памяці Станіслава Шушкевіча, сям’і якога адмовілі ў прадастаўленьні месца на Ўсходніх могілках.

Беларусь у сваёй гісторыі бачыла рознае, але нагэтулькі хамскай і подлай улады не было ніколі.

Горшай ужо, сапраўды, быць ня можа.