Пакт Молатава – Рыбентропа быў не адзінай дамовай ненападу, якую нацысцкая Германія заключыла напярэ…

Мінск Навіны

Пакт Молатава – Рыбентропа быў не адзінай дамовай ненападу, якую нацысцкая Германія заключыла напярэдадні Другой сусветнай вайны. Але паміж гэтымі пагадненнямі была прынцыповая розніца.

У 1934 годзе Германія і Польшча падпісалі дэкларацыю аб ненападзе. Германія таксама заключыла падобныя пагадненні з Даніяй, Літвой, Эстоніяй і Латвіяй. У 1938 годзе Германія і Францыя падпісалі дэкларацыю аб ненападзе, а Брытанія і Германія – сумесную дэкларацыю пасля сустрэчы Гітлера і Чэмберлена.

Менавіта на гэта заўжды робіць ухіл прапаганда, калі абараняе пакт Молатава – Рыбентропа. Але ў гэтых дакументах не было таго, што зʼявілася ў савецка-германскім пагадненні 23 жніўня 1939 года.

Да адкрытага пакта Молатава – Рыбентропа быў дададзены сакрэтны пратакол. У ім СССР і Германія вызначылі свае сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе: абмеркавалі падзел Польшчы, лёс краін Балтыі, Фінляндыі і інтарэсы СССР у Бесарабіі. Пазней, у верасні 1939 года, масква і Берлін дадаткова замацавалі новую мяжу паміж сваімі зонамі ўплыву на тэрыторыі былой Польшчы.

Амаль 50 гадоў пра існаванне сакрэтнага пратакола казалі, што гэта прыдумкі, канспіралогія і паклёп, каб ачарніць савецкую дзяржаву. Але ў снежні 1989 савецкі ўрад пацвердзіў існаванне сакрэтнага пратакола – і апублікаваў яго.

Таму казаць, што «СССР проста падпісаў такі ж пакт аб ненападзе, як Польшча ці Брытанія», – некарэктна. Фармальная назва сапраўды была падобнай, але змест быў шырэйшы: разам з абавязаннем не ваяваць існавала таемная дамоўленасць пра перадзел тэрыторый і сфер уплыву.