
Былы палітвязень і колішні вайсковец Мікола Статкевіч пракаментаваў навіны пра ядравыя вучэнні ў Беларусі і Расеі. Ён кажа, што пасля ўдараў украінскіх дронаў па Маскве і слабога святкавання 9 траўня Крэмль ужо не можа рабіць выгляд, што «ўсё ідзе паводле плану».
Паводле яго, Украіна атрымлівае ўсё большую тэхналагічную перавагу дзякуючы дапамозе Еўропы, развіццю дронаў і ўласных вайсковых распрацовак. Ён мяркуе, што Расея можа адказаць або новай мабілізацыяй, або спробай уцягнуць Беларусь у вайну, або яшчэ больш актыўнымі ядравымі пагрозамі.
Асобна Статкевіч звяртае ўвагу на трэнаванні з ядравай зброяй. Ён лічыць, што такія вучэнні – гэта не толькі дэманстрацыя сілы, але і спосаб ціску на Еўропу і NATO:
Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць – сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядравага нападу будзе замаскаваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з’яўляецца пагрозай ядравым нападам.
Таксама палітык папярэджвае: чым часцей у Крамлі гавораць пра ядравую зброю, тым ніжэй робіцца псіхалагічны бар’ер для яе магчымага выкарыстання.