Гісторыя з маім пашпартам, знойдзеным у СІЗА-1, займела працяг. Высветлілася, што аднавіць пенсію па…

Гісторыя з маім пашпартам, знойдзеным у СІЗА-1, займела працяг. Высветлілася, што аднавіць пенсію па ім адным нельга – трэба яшчэ даведка аб вызваленні. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай дадзеных МУС я дагэтуль лічуся зняволеным у ПК-13 у Глыбокім.
Прыйшлося зноў ехаць у той СІЗА-1 за даведкай пра вызваленне. Але там намеснік начальніка па аператыўнай працы паведаміў мне, што такой даведкі мне даць не могуць, бо яны мяне “не вызвалялі”, а я быў вывезены з турэмнай бальніцы пры СІЗА “планавым канвоем”. А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны “належаць мне”. Праўда, ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго “планавага канвою”. Мо, хіба што, ўзначальвала яго?..
Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне, нібыта, вызвалілі згодна з “указам аб памілаванні” яшчэ ў верасні мінулага года. Але хто той указ бачыў… А дамы бываюць часам такімі пераменлівымі.
Цяпер я канчаткова заблытаўся ў сваім сённяшнім юрыдычным статусе і месцазнаходжанні.