«Беларусы не зніклі — іх проста загналі ў падполле, але яны рыхтуюцца да моманту, калі з’явіцца магч…

«Беларусы не зніклі — іх проста загналі ў падполле, але яны рыхтуюцца да моманту, калі з’явіцца магчымасць дзейнічаць» 

У інтэрв’ю выданню «Чайка» Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю ў беларускім грамадстве, падтрымку з боку еўрапейскіх краінаў, адносіны з ЗША, пагрозы рэгіянальнай бяспецы і тое, чаму для Еўропы важна падтрымліваць барацьбу беларусаў за незалежнасць. 

Пра беларусаў унутры краіны:

«Я часта размаўляю з беларусамі. І людзі просяць: перадайце еўрапейцам, што мы тут, што нас загналі ў падполле, але мы рыхтуемся да моманту, калі з’явіцца магчымасць. Запал ёсць, жаданне ёсць. І самае страшнае для людзей унутры краіны — калі ў Еўропе падумаюць, што там ужо нікога не засталося і ўся апазіцыя з’ехала. Гэта не так».

Беларусы — не ахвяры, а стваральнікі сваёй гісторыі:

«Я не люблю, калі беларусаў называюць толькі ахвярамі. Так, нам цяжка, людзі ў турмах, але мы ўдзельнікі гістарычных падзеяў. Мы адстойваем незалежнасць і пішам сваю гісторыю. І, уклаўшы столькі намаганняў, мы абавязкова вернем сабе той дар, які беларусы атрымалі яшчэ ў 1918 годзе — сваю незалежную дзяржаву».

Пра адносіны Лукашэнкі да беларускага народа:

«Усе разумеюць, што Лукашэнку не пераменіш: ён заўсёды будзе служыць інтарэсам Пуціна і гатовы рэпрэсаваць уласны народ, а таксама трымаць у напружанні суседнія краіны, выкарыстоўваючы гібрыдныя атакі — паток мігрантаў з Беларусі ў Латвію, метэазонды ў Літве, каб аказваць ціск. Але ён ніколі не стане на бок беларусаў і не стане на праеўрапейскі шлях».