«Заробкі беларускіх выкладчыкаў і прафесараў — абраза чалавечай годнасці»Павел Церашковіч, дарадца С…

Павел Церашковіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы, далучыўся да эфіру праграмы «Обычное утро». У размове ён адзначыў, што фінансаванне адукацыі ў Беларусі застаецца на катастрафічна нізкім узроўні:
«У сістэме адукацыі не хапае грошай. Калі глядзець па выдатках ад ВУП на адукацыю, там 4–4,5%, можа трохі болей — выглядае нармальна. А калі браць абсалютныя грошы — без слёз на гэта глядзець немагчыма. У гарадскіх школах на навучанне аднаго школьніка вытрачаецца каля 900 даляраў на год. У вясковых школах даходзіць да 2 тысячаў — гэта абумоўлена тым, што школьнікаў трэба вазіць, класы малыя, усё гэта зразумела.
А ў краінах, якія ўваходзяць у Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, сярэдняя лічба — 12 тысячаў даляраў. У Люксембургу яна, здаецца, даходзіць да 24 тысячаў. У суседзяў Беларусі — Латвіі, Літве і Польшчы — дзесьці 8,5–9 тысячаў. І калі ёсць толькі тысяча даляраў, з гэтым нічога нармальнага не зробіш. Усё гэта не толькі выдаткі на будаўніцтва і абсталяванне. Гэта выдаткі на заробак выкладчыкам і прафесарам, а заробкі, даруйце — проста абраза чалавечай годнасці. Інакш не скажаш».