
Давайце паспрабуем уявіць сабе тапанімічны ландшафт нашых гарадоў, калі прыбярэм адтуль адценні ідэалогій папярэдніх эпох. Тут цудоўным прыкладам можа быць менавіта мінскае метро.
Дзве старыя лініі, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы, так і працягваюць захоўваць імёны бальшавіцкіх лідараў і іх сімволіку — «Леніна», «Першамайская», «Кастрычніцкая», «Пушкінская», «Фрунзенская».
Цалкам іншы падыход на новай, зялёнай лініі — з назвамі гістарычных мясцін, з увагай да гарадскога асяроддзя: «Няміга», «Кавальская Слабада», «Плошча Багушэвіча». Такі самы прынцып варта было б ужываць і ў іншых выпадках.
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прапануе паслядоўна рухацца да абнаўлення грамадскай прасторы, у тым ліку праз дэкамунізацыю і дэкаланізацыю, каб пазбаўляць яе ад ідэалаў і сімволікі, што паходзяць з савецкага і імперскага перыядаў.
Вырашаць, як маюць называцца станцыі метро, вядома, жыхарам Мінска — мы ж прапануем варыянты.
«Пралетарская» → «Тры Карчмы» або «Роваравы завод»
Пралетарыяту ўжо няма, а назва засталася. Але калісьці існавала старадаўняе мінскае прадмесце «Тры Карчмы». Як варыянт — «Роваравы завод» па аналогіі з Трактарным.
«Першамайская» → «Ляхаўка»
Першамай — савецкі культ, які даўно страціў сэнс. А «Ляхаўка» — старадаўняя назва мясцовасці каля сучаснай станцыі метро, вядомая з XVI стагоддзя.
«Фрунзенская» → «Ракаўская» або «Татарская Слабада»
Станцыя метро «Фрунзенская» названа ў гонар савецкага дзеяча. Татарская Слабада — гістарычны раён, вядомы з XVI ст., а Ракаўская — гістарычная назва суседняй вуліцы.
«Пушкінская» → «Кальварыя»
Паэт Аляксандр Пушкін не мае дачынення да беларускай культуры. Але побач са станцыяй метро ёсць найстарэйшыя ў горадзе Кальварыйскія могілкі.
«Маскоўская» → «Макаёнка»
Савецкі дэкор і назва ў гонар сталіцы СССР — рэха мінулага. Побач са станцыяй метро ёсць вуліца імя Андрэя Макаёнка, беларускага драматурга.
«Парк Чалюскінцаў» → «Батанічная» або «Камароўскі лес»
Назва ў гонар савецкага карабля не мае дачынення да Мінска. Але ж побач з метро ёсць Батанічны сад і гістарычны Камароўскі лес — месца памяці рэпрэсаваных.
«Плошча Перамогі» → «Плошча Перамогі ў ІІ Сусветнай» або «Плошча Памяці ахвяр вайны»
Новыя назвы — альтэрнатыва ідэалагізаванай «Вялікай Айчыннай». Або можна ўвогуле без шлейфа пераможцаў, бо страты Беларусі былі занадта вялікія.
«Кастрычніцкая» → «Плошча Каліноўскага» або «Цэнтральная» / «Раздарожная»
Раней побач была Цэнтральная плошча — можна вярнуць гэтую назву. Або варыянт «Раздарожная» — у гонар сімвала “нулявога кіламетра” рэспубліканскіх дарог. Ці ўшанаваць памяць нацыянальнага героя, як прапаноўвалася з 2006 года.
«Плошча Леніна» → «Плошча Незалежнасці»
Гэта назва ўжо была з 1992 да 2003. Ленін нам непатрэбны, а незалежнасць — яшчэ як.
#ВяртаемГісторыю
#ViartajemHistoryju
#СапраўднаяГісторыя
#SapraŭdnajaHistoryja