Аб гэтым «Белсату» паведаміў муж Паліны – Андрэй Шарэнда. Пра месцазнаходжанне палітзняволенай няма звестак ужо два тыдні.
«Ананімная жанчына паведаміла ў праваабарончы цэнтр «Вясна», што сустракалася з Палінай 22-га чэрвеня, калі яе яшчэ этапавалі з калоніі №24 у «Навінкі». Са словаў жанчыны, Паліна была моцна збітая. У яе на твары было відаць шмат сінякоў, была перабіта пераносіца.
Таксама Паліна паведаміла, што ў гомельскай калоніі супраць яе зладзілі правакацыю: падсадзілі ў камеру да жанчын, якія проста збілі яе. Пасля чаго мая жонка была змешчаная ў санчастку калоніі. Гэта значыць, што пашкоджанні ў яе былі вельмі значныя, бо проста так туды не трапляюць. І нам невядома, колькі дакладна яна знаходзілася ў гэтай санчастцы. Якраз у той час яна знікла на тры тыдні, пра яе не было ніякай інфармацыі.
Цяпер зноў больш за два тыдні пра Паліну нічога не чуваць. Жыццё маей жонкі ў рэальнай небяспецы», – расказаў Андрэй Шарэнда «Белсату».
Палітзняволеная павінна была выйсці на свабоду 6 жніўня, але супраць яе ўжо другі раз завялі крымінальную справу за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Цяпер Паліне пагражае яшчэ да двух гадоў зняволення. У няволі маці дваіх дзяцей застаецца з пачатку студзеня 2021 года. Нагадаем, што ў калоніі Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад грамадзянства Беларусі.