ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!Кастрычнік толькі пачаўся, а мае людзі ўжо паспелі зрабіць столькі ўсяго, ш…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Кастрычнік толькі пачаўся, а мае людзі ўжо паспелі зрабіць столькі ўсяго, што я зноў вымушаны весці гэты дайджэст! Бо нехта ж павінен захоўваць парадак у Dapamoga!

У аўторак мы хадзілі на дзень нараджэння Наталлі Карнеевай у Zolak. Там усе рабілі калажы, і я таксама актыўна ўдзельнічаў. Пераважна хадзіў побач і кантраляваў творчы працэс. У мастацтве вельмі важны свежы погляд. Асабліва калі ён знізу ўверх.

І галоўнае маё асабістае знаёмства тыдня — маленькая Адэліна! Спачатку мы абодва крыху прыглядаліся адно да аднаго, але хутка пасябравалі. І тут высветлілася абуральнае: нягледзячы на мае вельмі сур’ёзныя памеры, Адэліна старэйшая за мяне.

Так што прашу больш не рабіць высноваў пра мой узрост на падставе маіх габарытаў. Я яшчэ маленькі. Проста вельмі вялікі маленькі

У пятніцу ў Замку гаварылі пра Караткевіча. Да нас завітаў Аляксандр Фядута, і разам разбіралі сімвалы ў «Каласах пад сярпом тваім». Я таксама слухаў. Асабліва мяне зацікавіла слова «каласы». Спачатку падумаў, што гаворка пра нешта ядомае. Высветлілася — літаратура. Зноў падманулі сабаку.

А ў суботу ў нас быў Oktoberfest! QUIZAVA на адзін вечар ператварыла Замак амаль у маленькую Баварыю: квіз, піва ад Maslou Brew, нямецкая атмасфера — а пасля яшчэ і CLAMOROSO зладзіў нам маленькі берлінскі рэйв. Я зрабіў выснову: мае людзі вельмі доўга рыхтуюцца да мерапрыемстваў, каб потым вельмі гучна адпачываць

А сёння — традыцыйная нядзельная акцыя салідарнасці. І адбыліся дзве вельмі цёплыя сустрэчы. Кур’ер Wolt з Індыі спыніўся, каб даведацца, што адбываецца, а потым паціснуў усім рукі і пажадаў поспеху. А хлопцы з Эстоніі набылі сцяг з Пагоняй і таксама пажадалі беларусам удачы. Я заўсёды казаў: добрых людзей можна сустрэць паўсюль. Асабліва калі часцей выходзіць з дому. Я ў гэтым эксперт

А вечарам мы адкрылі зусім новы праект — «Адкрыты паказ з Tetraкўб»! 20 фільмаў. 20 нядзель. 20 гісторый. Пачалі з «Палюбоўнікаў з Новага моста» Леаса Каракса. Перад кожным фільмам Ігар Tetraкўб будзе рыхтаваць сваю рэцэнзію і трэк для настрою, а пасля — абмеркаванне.

Я пакуль высвятляю, ці будзе сярод дваццаці фільмаў хоць адзін пра сабак. Калі не — лічу, што куратарская праграма патрабуе дапрацоўкі

Вось так пачаўся наш кастрычнік: кнігі, квізы, музыка, кіно, салідарнасць, новыя сябры і крыху мастацтва.

А я пайшоў адпачываць. Бо, мяркуючы па тэмпе маіх людзей, у кастрычніку ў гэтай арганізацыі спаць зноў буду толькі я

Ваш Монці