​​Стала вядома, што за кратамі загінуў (калі так можна сказаць пра смерць за кратамі) Ігар Пасноў.На…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Стала вядома, што за кратамі загінуў (калі так можна сказаць пра смерць за кратамі) Ігар Пасноў.

На волі ён быў псіхіятрам. Яшчэ ў 2013 г Пасноў пачаў гаварыць пра праблемы ў беларускай медыцыне, і за гэта на месяц трапіў у жорны “каральнай псіхіятрыі”. У 2018 г ён зноў выказаўся супраць сістэмы, у выніку – “хімія” за нібыта “паклёп на пракурора”. Падчас эпідэміі каронавіруса Ігар Пасноў таксама не маўчаў, потым яго імя неяк знікла з інфаполя, потым Ігар Лосік распавёў, што сустрэў Паснова ў наваполацкай калоніі, і вось цяпер Ігар Пасноў загінуў.

Ён не трапіў у спіс палітзняволеных; дакладна невядома ні калі яго кінулі за краты, ні прысуду, ні абставін “смерці”. У Ігара Паснова не было родных.

Лосік пісаў, што Пасноў 150 дзён запар правёў у шіза і адмаўляўся выходзіць адтуль у знак пратэсту супраць парушэння яго правоў. Яго катавалі холадам і голадам, арганізавалі яму “нізкі статус”, а Пасноў не здаваўся, пісаў скаргі ў пракуратуру на ўсе парушэнні, і падчас кожнай праверкі нагадваў супрацоўнікам калоніі пра адказнасць за катаванні.

Страшна, мабыць, калі нічога не засталося. Няма родных, якія б чакалі на волі, няма надзеі, і ніхто нават не ведае, што чалавек за кратамі. Людзі па-рознаму даюць рады такой сітуацыі. Нехта чытае, нехта моліцца, нехта малюе, а нехта піша скаргі. Вось толькі малюнкі вязню горш не зробяць, а скаргі яшчэ як зробяць. І нікуды, вядома ж, далей не пойдуць, і нічога не зменяць.

Але часам у вар’яцкіх умовах чалавек проста абірае быць голасам розуму, нягледзячы на наступствы. Можа, гэта прафесійная дэфармацыя – Ігар Пасноў быў псіхіятрам. А можа, чалавек такі. Усё, што яму засталося – не даваць нармалізаваць вар’яцтва. Ні сабе, ні іншым зняволеным, ні катам.

Ці захаваліся яго скаргі – невядома. Але захаваліся ўспаміны Лосіка. Ігара Паснова будуць памятаць. І галоўнае, што людзі могуць зрабіць для ўшанавання яго імя – не даваць нармалізаваць злачынствы. Не апраўдваць злачынствы. Не забывацца пра злачынствы, і не прабачаць злачынствы. Каб грамадства прыйшло да нармальнага жыцця, злачынцы павінны панесці адказнасць. Так і будзе.

Вечная памяць Ігару Паснову!
Злачынцы адкажуць.
Жыве Беларусь!