СВАБОДА НА СМАК: АНТОН MASLOU BREWНапярэдадні беларускага Oktoberfest у Замку мы пагаварылі з Антон…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

СВАБОДА НА СМАК: АНТОН MASLOU BREW

Напярэдадні беларускага Oktoberfest у Замку мы пагаварылі з Антонам — беларускім піваварам Maslou Brew, які 3 кастрычніка пазнаёміць нас са сваім крафтам.

Свая гісторыя піваварства ў Антона пачалася яшчэ ў Беларусі, прыкладна ў 2019 годзе. Спачатку ён займаўся вінакурэннем, але аднойчы вырашыў паспрабаваць зварыць піва — і вынік аказаўся настолькі ўдалым, што новае захапленне паступова перарасло ў сур’ёзную справу.

Сваё першае піва Антон памятае да дробязяў. Гэта было цёмнае піва, падобнае да чэшскага цёмнага Kozel. Не ведаючы яшчэ, якія солад, хмель і дрожджы выбраць, ён проста прыйшоў у спецыялізаваную краму і папрасіў сабраць яму ўсё неабходнае для першай варкі.

«Варыў я яго ў алюмініевым малочным бідоне, у якім да гэтага рабіў віскі і самагон. Спецыяльных бутэлек таксама не было, таму разліваў піва ва ўсё, што знаходзілася дома, — нават у літровыя і двухлітровыя банкі».


Першая дэгустацыя вырашыла ўсё: розніца з тым, што Антон раней купляў у крамах, падалася яму велізарнай. Пачаліся новыя рэцэпты, эксперыменты і паступовае ўдасканаленне абсталявання. Сёння сваю хатнюю піваварню ён ужо называе паўпрафесійнай.

Для Антона крафт — гэта перш за ўсё магчымасць кантраляваць увесь працэс сваімі рукамі. Аснова яго піва простая: вада, солад, хмель і дрожджы. У залежнасці ад рэцэпту да іх могуць далучацца садавіна, ягады, спецыі ці апельсінавая цэдра. Ён сам дробіць солад, падбірае хмель, кантралюе варку і эксперыментуе, пакуль не атрымлівае патрэбны смак.

На сапраўдным Oktoberfest у Баварыі Антон пакуль не быў — больш за тое, яшчэ ні разу не быў у Германіі. Але мара ёсць:

«Вядома, хацелася б аднойчы трапіць на Oktoberfest. І асабліва — у якасці півавара».


А 3 кастрычніка свой маленькі Oktoberfest мы зробім у Вільні

У Замку Антон прадставіць пшанічны Farmhouse Ale, звараны з нямецкага пшанічнага соладу, сваю IPA, рэцэпт якой ён доўга ўдасканальваў, падбіраючы патрэбнае спалучэнне хмелю, і самае незвычайнае — таматнае піва, якога многія госці, магчыма, яшчэ ніколі не спрабавалі.

Будзе і маленькі сюрпрыз — малады хатні сідр з яблыкаў уласнага ўраджаю

А мы зычым Антону, каб аднойчы на пытанне, ці быў ён на Oktoberfest у Баварыі, ён мог адказаць: «Так. І менавіта як півавар».

#НЕЦЭНЗУРАВАНА feat. #QUIZAVA