DJ CLAMOROSO: ЗРАБІ ГУЧНЕЙДзяніс — беларус з Нясвіжа, які 14 гадоў пражыў у Італіі, а сёння дзеліць…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

DJ CLAMOROSO: ЗРАБІ ГУЧНЕЙ

Дзяніс — беларус з Нясвіжа, які 14 гадоў пражыў у Італіі, а сёння дзеліць сваё жыццё паміж Літвой і Італіяй і рэгулярна становіцца за DJ-пульт.

І нават яго творчы псеўданім — CLAMOROSO — мае італьянскую гісторыю.

У дзяцінстве яго італьянскі бацька часта казаў яму: «Denis, sei troppo rumoroso» — «Дзяніс, ты занадта шумны». Праз шмат гадоў гэтая фраза нечакана адгукнулася ў DJ-імені. Clamoroso па-італьянску — нешта гучнае, сенсацыйнае, такое, што выклікае рэзананс.

І, здаецца, для чалавека за DJ-пультам імя атрымалася вельмі трапным

Усё пачалося яшчэ ў Нясвіжы, калі Дзянісу было 14 гадоў.

Аднойчы ён прыйшоў да сябра-DJ у мясцовы Дом культуры, убачыў яго за пультам і зразумеў: хоча паспрабаваць сам. Папрасіў сябра навучыць — і так пачалася гісторыя, якая працягваецца дагэтуль.

Спачатку былі клубная музыка, pop і house. А сапраўднае захапленне тэхна прыйшло ўжо ў Італіі.

Там у Дзяніса з’явілася кампанія сяброў — аматараў тэхна і рэйваў. Новая музычная культура паступова змяніла і яго ўласны густ: ад звыклай клубнай музыкі ён усё больш рухаўся ў бок тэхна.

Сёння адным з галоўных кірункаў для CLAMOROSO стаў melodic techno — музыка менш цяжкая і агрэсіўная, чым industrial techno, але з вялікай увагай да мелодыі, атмасферы і развіцця гуку. Дзяніс кажа, што ў Літве гэты кірунак пакуль не настолькі папулярны, і называе яго хутчэй музыкай для тых, хто сапраўды любіць слухаць.

Сёння ў яго фактычна дзве краіны — Літва і Італія. І такі лад жыцця яго не стамляе: у абедзвюх краінах ёсць справы, сябры і сваё жыццё, у абедзвюх ён адчувае сябе добра.

Але ёсць яшчэ адна краіна.

Беларусь

І яна, кажа Дзяніс, займае асобнае месца ў сэрцы, таму што Беларусь — яго Радзіма.

А ўжо ў суботу 3 кастрычніка праверыць, наколькі clamoroso можа быць у Беларускім Замку, зможам і мы

Пасля QUIZAVA: OKTOBERFEST DJ CLAMOROSO стане за пульт — і наш нямецкі вечар паступова ператворыцца ў маленькі берлінскі рэйв

І так, Rammstein мы таксама папрасілі.

Бо калі ўжо troppo rumoroso — то як след

#НЕЦЭНЗУРАВАНА feat. #QUIZAVA