ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!Ну што, сябры. Я жывы. Пасля такога тыдня гэта першае, што я павінен вам па…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Ну што, сябры. Я жывы. Пасля такога тыдня гэта першае, што я павінен вам паведаміць

БО DAPAMOGA СПОЎНІЛАСЯ 6 ГАДОЎ!

Мы доўга рыхтаваліся да гэтага дня: мае людзі нешта насілі, перастаўлялі, упрыгожвалі, прыбіралі, рэпеціравалі, гатавалі і ўвесь час кудысьці беглі. Я, натуральна, ажыццяўляў агульны кантроль

І вось у суботу Беларускі Замак нарэшце напоўніўся гасцямі, музыкай, размовамі, абдымкамі і смехам. Былі жывыя выступы, кірмаш майстроў і фуд-корт, творчыя майстар-класы, песні ля каміна, кватэрнік, капэля «Ойра», фаер-шоу і наша агульная «Купалінка»

І ТОРТ! Вялізны святочны торт!

Мушу прызнацца: краёчак торта я ўсё ж паспеў аблізаць

Не ведаю, чаму людзі зрабілі выгляд, што гэта не ўваходзіла ў афіцыйную праграму. На мой погляд, гэта быў важны этап кантролю якасці.

А яшчэ на Дзень нараджэння прыйшлі мае чацвераногія сябры! Таму пакуль людзі віншавалі адзін аднаго і слухалі музыку, мы як след набегаліся па Замку. Нарэшце хоць нехта на гэтым свяце займаўся сапраўды важнымі справамі!

Асобна дзякуй усёй вялікай камандзе, якая некалькі тыдняў стварала гэтае свята, і кожнаму і кожнай, хто прыйшоў правесці гэты дзень разам з намі.

Шэсць гадоў таму ўсё пачыналася з некалькіх людзей. А цяпер я гляджу на гэтую велізарную сям’ю і думаю: нічога сабе, колькі вас у мяне!

Але святам тыдзень, вядома, не абмежаваўся.

Dapamoga пабывала на сустрэчы беларускай дыяспары Літвы, арганізаванай Амбасадай Ірландыі. Дзякуй Паслу Ірландыі Séadhna Rose Mac Hugh за цёплы прыём, увагу да беларускай супольнасці і падтрымку беларусаў. Такія сустрэчы нагадваюць нам, наколькі важна працягваць расказваць пра Беларусь і заставацца пачутымі

А яшчэ выйшла вялікае інтэрв’ю з маёй мамай, Наталляй Калегавай.

Пра жыццё, пераезд у Літву, стварэнне Dapamoga, працу арганізацыі, Беларускі Замак, пройдзеныя за шэсць гадоў выпрабаванні і надзеі на будучыню.

Я па-ранейшаму чакаю, калі журналісты нарэшце зразумеюць, хто тут галоўны герой, і возьмуць інтэрв’ю ў мяне

А сёння мае людзі пасля ўсяго гэтага вырашылі… пайсці на квіз!

Адбыўся другі квіз новага сезона QUIZAVA, прысвечаны Вільнюсу, літоўска-беларускаму сяброўству і нашай супольнай гісторыі

І тут у мяне ёсць вельмі важная навіна:

КАМАНДА МАМЫ ПЕРАМАГЛА!

Я, вядома, зусім не здзіўлены. Усё ж такі яна жыве з вельмі разумным сабакам — нешта павінна было перадацца

І апошняе, але вельмі важнае. Наш святочны збор «6 гадоў — 6000 еўра» завяршаецца. Сабраныя сродкі пойдуць на камунальныя і гаспадарчыя выдаткі Беларускага Замка, каб наш агульны дом мог і далей жыць, прымаць людзей і дапамагаць.

Вось такі атрымаўся тыдзень: Дзень нараджэння, торт (правераны асабіста!), сабачыя забегі, Ірландыя, інтэрв’ю, Вільнюс і маміна перамога ў квізе.

Цяпер, думаю, я заслужыў добра выспацца.

А Dapamoga тым часам пачынае свой сёмы год.

З Днём нараджэння нас! І дзякуй, што вы побач!

Ваш Монці