Гаў! Нядзеля — значыць, час мне зноў расказаць, чым жыла Dapamoga на гэтым тыдні.А сёння ў мяне і г…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

Гаў! Нядзеля — значыць, час мне зноў расказаць, чым жыла Dapamoga на гэтым тыдні.

А сёння ў мяне і грошы, і імяніннікі, і кветкі, і міжнародная дыпламатыя. Усё як у сур’ёзнага сабакі з вельмі насычаным графікам.

6000 € да 6-годдзя Dapamoga

Пачнём з нашага святочнага збору. У пачатку верасня Dapamoga споўніцца 6 гадоў, і да дня нараджэння мы паставілі сабе прыгожую мэту — сабраць 6000 € на камунальныя і гаспадарчыя выдаткі Беларускага Замка.

І ў нас ужо 875 € з 6000 €! Дзякуй усім, хто далучаецца. Працягваем рухацца да мэты!

https://dapamoga.org/be/donations/dapamoga-birthday-2026

А хочаце дапамагчы нам арганізаваць свята?

Мы ўжо рыхтуем праграму 6-годдзя і хочам зрабіць гэты дзень сапраўды нашым — таму запрашаем вас паўдзельнічаць у апытанні пра святкаванне.

Раскажыце, што вам цікава, што хацелася б убачыць і як вы гатовыя далучыцца. Бо дзень нараджэння Dapamoga — гэта свята ўсёй нашай супольнасці.

https://forms.gle/jbHuZzdoeRNP17mS9

Тыдзень імяніннікаў

На гэтым тыдні мы віншавалі з Днём нараджэння нашага інструктара па ёзе і актыўнага валанцёра Алеся. Чалавека, які дапамагае нам трымаць раўнавагу — ва ўсіх сэнсах.

А яшчэ імяніннікам стаў Кім Самусенка — яму споўнілася 37. З гэтай нагоды ў рубрыцы #НЕЦЭНЗУРАВАНА мы спыталі Кіма, як святкуюць дзень нараджэння ў калоніі: адкуль там бяруцца тарты, што дораць зняволеныя і чаму ў апошнія гады «палітычным» забаранялі нават збірацца разам папіць гарбаты.

У мяне таксама была праца

Я схадзіў у госці да нашай беларускай кветкавай феі Ліяны. І не думайце, што проста пазіраваў сярод кветак — я дапамагаў іх паліваць!

Так што цяпер у маім рэзюмэ афіцыйна: ахоўнік Замка, мадэль, аўтар дайджэстаў і памочнік фларыста.

Монці + Лайм =

А сёння на нядзельным мітынгу я пазнаёміўся з Лаймам — першым сабакам, якога эвакуявала Dapamoga. У яго асаблівая гісторыя, і ўжо на наступным тыдні мы абавязкова вам яе раскажам.

Пакуль скажу толькі адно: знаёмства адбылося. Сабачая рада Dapamoga пашыраецца.

А мітынг сёння атрымаўся вельмі міжнародным

Да нас падышлі амерыканцы з Масачусетса — мы расказалі ім пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі і чаму беларусы працягваюць выходзіць на акцыі салідарнасці.

Італьянец набыў бел-чырвона-белы бранзалет і панёс маленькі кавалачак Беларусі з сабой.

А госцю з Грэцыі мы паспелі расказаць пра «Пагоню», Вялікае Княства Літоўскае і захоп беларускіх земляў Расійскай імперыяй.

Вось так прыходзіш на нядзельны мітынг — а атрымліваецца маленькі экспрэс-курс беларускай гісторыі для ўсяго свету.

І што ў нас наперадзе?

Ужо заўтра, 17 жніўня а 19:30, у Беларускім Замку сустракаемся з праваабаронцай і былой палітзняволенай Настай Лойка. Без доўгіх прамоў — размаўляем, задаём пытанні і даведваемся пра праекты, над якімі Наста працуе цяпер.

А ў суботу, 22 жніўня а 18:30, пасля невялікіх канікул у Замак вяртаецца QUIZAVA! Новы сезон пачынаем з Італіі: dolce vita, мастацтва, кіно, музыка, гісторыя, італьянскія пачастункі і кактэйлі.

Такім быў наш тыдзень. А цяпер я пайшоў адпачываць — міжнародная дыпламатыя вельмі стамляе маленькіх сабак.

Да сустрэчы праз тыдзень!

Ваш Монці