#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 10 Вользе — 55 гадоў. У Літву яна пераехала пасля пачатку вайны ва Ўкраіне ў 2022…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 10

Вользе — 55 гадоў. У Літву яна пераехала пасля пачатку вайны ва Ўкраіне ў 2022 годзе. Рэжысёрка і мастачка анімацыі.

Публікуем урывак з яе эсэ «Блю кард па-беларуску», а таксама малюнак, ілюстрацыю да тэксту. Твор узгадвае самы пачатак выбараў, нарыс пра уласнае 9 жніўня Вольгі.

Поўная версія тэксту — у дадатку.

БЛЮ-КАРД ПА-БЕЛАРУСКУ
 
Апусціўся вечар. Спякота трохі сышла.

— Уважаемые гражданее! Избирательный участок закончил свою работу! Просьба разойтись, освободить проход другим гражданам. Бла-бла-бла… Ру-рууу… — умегафоны-мацюгальнікі.

“Менты” заварушыліся, як гнаевікі. Абсвісталі іх зараз жа. І ніхто не сышоў. Ніхто.

— У-ха-дзі! У-ха-дзі! У-ха-дзі!..

У вачах прахожых жах. Непаразуменне, крывыя ўсьмешкі і погляды, здзіўленне, спалохі і жудасць, але па-за ўсім – зайздрасць. Яны не разумеюць, але ж яны так і не могуць. Яшчэ мацней загучала:

— У-ха-дзі! У-ха-дзі! У-ха-дзі!..

Ну нарэшце і дачакаліся – правакатары. Даўно ня бачыліся. Знянацку над галовамі прасыпаўся зрывісты выкрык, паскудны і кволы:

— Они все проплаченные! Это не беларусы, долой…

Адразу ж людзей пачалі прыжымаць менты, паліцыянты павымалі дубіны з-за паясоў. Аўтазакі з мігалкамі паслужліва акружылі вуліцу.

І вось ён, той шалёны момант, што ап’яняе пахам гонару і яднання. У адзінае імгненне ўверх, у вышыню ўзнесліся рукі з працятымі сінімі – нацыянальнымі! – пашпартамі, шмат рук, мора. Бясконцае. Рашучае. Цвёрдае больш за дыямэнт.

— Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!.. 

Трэба было бачыць тую зайздрасць прахожых.

Сіні колер. Блю кард па-беларуску. Астатняе, усё тое, што было потым, балючае і немагчымае, – гэта ўсё потым. Потым. А тады – мабыць, упершыню, калі беларусы маглі з годнасцю трымаць і ганарыліся гэтымі сінімі пашпартамі, нейкім пропускам у будучыню, сымбалем адзінства, прыналежнасці да абраных, білетам да свабоды, сапраўдны блю-кард па-беларуску.

Сіні колер. Сінявокая радзіма, і – сінія целы збітых людзей, сінія лыткі, дупы і рамёны, сцягны і ўвогуле твары. Сінявокая і сінепалы – цмок супраць цнатлівых. Жрэ і жрэ, жрэ.

Брудны сіні – колер турэмных робаў. Васільковы – колер Надзеі.

… Праз два дні, 11 жніўня, пад зваротам выдатнай і мужнай Ціханоўскай, я пакінула гэтую цытату: “Кампраміс выратаваў краіну ад найстрашэннага: ад пакаранняў смерцю і масавых высылкаў у Сібір, якія наводзілі жах на ўсіх. Але адное было зразумела: ад гэтага часу краіна была асуджанаязаікацца, спатыкацца і хапаць ротам паветра, як Аляксандр Дубчэк. Свята скончылася. Пачаліся будні знявагі.”

© Мілан Кундэра. Нязносная лёгкасць быцця.


Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin

Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.