#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 8 Алене — 36 гадоў. У Вільне яна жыве з 2023 года. Любіць Беларусь і жанчын, а та…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 8

Алене — 36 гадоў. У Вільне яна жыве з 2023 года. Любіць Беларусь і жанчын, а таксама не можа сядзець спакойна на месцы.

Пра 16 жніўня

— Я выходжу. Што вам прынесці?


— Лена, мы такія галодныя. Прынясі нам, калі ласка, што-небудзь паесці.


— Добра, — адказваю я і хутка згортваю сваю лаўку, каб схадзіць у іншую — у «Каравай» на плошчы Перамогі.


Да гэтага ўвесь дзень я сядзела як на іголках. Пакупнікоў амаль не было, затое вакол было шмат святочна апранутых людзей, і я ведала, што проста цяпер за гэтымі сценамі адбываецца нешта грандыёзнае, а я чамусьці сяджу тут. Сёння 16 жніўня, у Мінску ідзе Марш Свабоды, а я не свабодная — я на працы, на Камароўцы. Часам адказнасць за сваю справу даходзіць да поўнага абсурду, і гэта быў менавіта такі дзень: усе мае пакупнікі на маршы, а я сяджу ў першым сектары, у другім радзе, на сваім месцы і чакаю іх. І, на шчасце, не дачакалася.


Час ад часу я выходжу з крытага рынку паглядзець, ці сапраўды збіраюцца людзі, бо паверыць у гэта ўсё яшчэ складана. Ну бо… калі такое яшчэ было? Міма Камароўкі ідуць людзі — маленькімі і вялікімі групамі. У іх сцягі, стужкі, шарыкі, кветкі, белыя і чырвоныя парасоны, і паступова ўся вуліца ператвараецца ў бела-чырвонае мора. Я гляджу на іх і проста прытанцоўваю на месцы. Мне страшэнна хочацца пайсці следам, і ў нейкі момант я проста ўцякаю. Цяпер я б у той дзень увогуле не адкрывалася.


Мае сябры і сяброўкі на маршы з самага пачатку. Цяпер ужо каля пятай, і ў краме я проста змятаю з паліцаў нарэзныя батоны і прашу прадавачку нарэзаць усю вяндліну, якая ў яе ёсць, і ўвесь сыр. Здаецца, яна адразу разумее, куды я збіраюся, і робіць усё хутка і дакладна, нібыта на палявой кухні. Выдатная напарніца мне трапілася. Абед гатовы, цяпер трэба знайсці сваіх.


— Дзе вы, людзі?


— Мы на праспекце. Ідзём наперад.


Ну і я таксама іду наперад, прабіраюся праз натоўп і разам з усімі скандую:


— Звольнены! Звольнены! Звольнены!


Людзей столькі, колькі я ніколі раней не бачыла. Я іду сярод іх і ўсё яшчэ не да канца веру, што гэта адбываецца насамрэч. На ўзбочынах стаяць бутэлькі з вадой — па адной і цэлымі ўпакоўкамі. Людзі паклапаціліся пра тое, што іншым у спёку захочацца піць. У мяне ў руках пакеты з ежай, і ў той момант мне здаецца, што я таксама нарэшце раблю нешта сапраўды патрэбнае.


Сваіх я знаходжу каля Галоўпаштамта. Людзі стаміліся, усім горача, многія сядзяць на падваконнях і бардзюрах, але твары ва ўсіх радасныя. Мы ладзім свой пункт харчавання проста каля падземнага пераходу. Бутэрброды хутка разыходзяцца па руках, людзі ядуць, перадаюць адзін аднаму ваду, саступаюць месца, і чамусьці менавіта гэты момант з усяго дня я запомніла больш за ўсё. Раніцай я сядзела адна ў пустой лаўцы і чакала пакупнікоў, а ўвечары стаяла каля Галоўпаштамта сярод велізарнай колькасці людзей і адчувала, што нарэшце знаходжуся там, дзе і павінна быць.


«А мы не знали друг друга до этого летаааа…»


Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin

Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.