
#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 4
Кацярыне — 31 год. Жыве ў Вільні з кастрычніка 2020 года. Выкладае французскую мову, любіць падарожжы, святы і свайго сабаку.
Пра выбар(ы)
Пра еднасць
Пра людзей
Пра пачуцці
Пра 9 жніўня
Пра 16 жніўня
Пра прыняцце
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.
Кацярыне — 31 год. Жыве ў Вільні з кастрычніка 2020 года. Выкладае французскую мову, любіць падарожжы, святы і свайго сабаку.
Пра выбар(ы)
У пачатку красавіка 2020 года, бачачы, да якіх наступстваў прыводзіць эпідэмія COVID-19 у свеце і як у Беларусі хаваюць інфармацыю пра колькасць ахвяр, я свядома вырашыла самаізалявацца. Пачала працаваць з дому, нават спартыўныя трэніроўкі перавяла ў анлайн. Але ў дзень, калі Віктар Бабарыка абвясціў у Facebook пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, усё змянілася. У той момант я падумала: менавіта такога прэзідэнта я хачу бачыць у Беларусі. Нібыта нешта пераключылася ўнутры. Я зразумела: я хачу быць часткай гэтага. У той жа вечар я напісала Машы Калеснікавай, што хачу дапамагаць. І пасля гэтага ўсё нейкім неверагодным чынам закруцілася.
Пра еднасць
Перад намі стаяла важная задача — за адну ноч падрыхтаваць 10 тысяч папак з падпіснымі лістамі
для ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы. Нас было некалькі дзясяткаў чалавек. Мы працавалі як сапраўдныя пчолы (невыпадкова — на той момант штаб месціўся ў офісе «Вулей»). Адчувалася асаблівая еднасць. Людзі, якія яшчэ ўчора былі незнаёмыя адзін аднаму, за некалькі гадзін сталі вельмі блізкімі. У гэтым была нейкая невытлумачальная магія.
Пра людзей
Літаральна напярэдадні свайго арышту, калі ўжо пачаўся ціск на адміністрацыю Белгазпрамбанка, Віктар Дзмітрыевіч сабраў нас у штабе і сказаў, што калі хтосьці перажывае за сваю бяспеку, можа спакойна спыніць працу. Ён шчыра падзякаваў нам за ўсё, што мы ўжо зрабілі, і добра разумеў нашы страхі. Але ніхто не сышоў. Праца працягнулася ў звычайным рытме. На наступны дзень Віктара Бабарыку і Эдуарда Бабарыку затрымалі.
Пра пачуцці
Ліпень стаў сапраўднымі эмацыйнымі арэлямі: ад роспачы пасля нерэгістрацыі альтэрнатыўных кандыдатаў — да эйфарыі пасля стварэння Аб’яднанага штаба. Кожны дзень быў асобнай гісторыяй. Падзеі змянялі адна адну з неверагоднай хуткасцю. Кульмінацыяй стаў мітынг-канцэрт на плошчы Бангалор у Парку Дружбы народаў. Гэта быў найлепшы open air у маім жыцці. Незабыўныя пачуцці.
Пра 9 жніўня
У штабе на вуліцы Харужай было шмат журналістаў з розных краін. Адна журналістка здзіўлена спытала мяне, чаму ў яе не працуе інтэрнэт. Я адказала, што інтэрнэт адключаны па ўсёй Беларусі. Пачалі паступаць першыя званкі з выбарчых участкаў. Мы радаваліся таму, што на многіх участках члены камісій аказаліся сумленнымі людзьмі і не пабаяліся вывесіць сапраўдныя вынікі. Беларусы прагаласавалі за Новую Беларусь. Пад штабам ужо хадзілі «ціхары». Мы з калегай выйшлі на вуліцу чакаць сяброўку, якая спрабавала праехаць на машыне ў бок праспекта Багдановіча. Мы яшчэ не ведалі, што ў гэты час адбываецца каля Стэлы і ў іншых раёнах Мінска. Дадому мы ехалі пад песню «Перамен!» Віктара Цоя.
Пра 16 жніўня
Пасля «чорнага» тыдня Мінск ператварыўся ў адзін вялікі бел-чырвона-белы карнавал. Нягледзячы на боль, несправядлівасць і жывёльны страх, беларусы выйшлі на вуліцы, несучы святло, дабрыню і веру. Гэта было нібы біблейскае ўваскрасенне. Адчуванне адзінства, якому цяжка знайсці параўнанне. Напэўна, гэта адзін з самых яркіх момантаў майго пакуль яшчэ не вельмі доўгага жыцця.
Пра прыняцце
2020 год, як і для многіх беларусаў, цалкам змяніў маё жыццё. Пасля ўсяго перажытага я ўжо ніколі не стану ранейшай. Былі расчараванні, былі шкадаванні, былі вялікія страты і боль. Цяпер мне здаецца, што я паступова прыходжу да прыняцця таго, што адбылося. Ці зрабіла б я ўсё гэтаксама, калі б магла вярнуцца назад? Думаю, што так. Я была шчырай перад самой сабой. І гэта для мяне самае галоўнае. Франсуа Рабле калісьці напісаў: «Усё прыходзіць своечасова да таго, хто ўмее чакаць». А я б дадала яшчэ некалькі слоў: «…да таго, хто ўмее працаваць і ўмее верыць». Таму ўсё будзе! Жыве Беларусь!
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.