26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў і гісторыя Генрыха Акалатовіча

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

Сёння, 26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў.

Паводле міжнароднага права, катаванні – гэта наўмыснае прычыненне чалавеку моцных фізічных ці душэўных пакут з боку дзяржавы. Звычайна ў гэтых дзеянняў ёсць мэта: дамагчыся паказанняў, пакараць, запалохаць або прымусіць да чагосьці.

Да катаванняў і жорсткага абыходжання можна таксама аднесці псіхалагічны ціск і прымус праз пакуты іншых людзей. З апошнім асабіста сутыкнуўся каталіцкі святар Генрых Акалатовіч.

Яго абвінавачанне было абсурдным ён нібыта неяк перанакіраваў ваенныя самалёты і тым самым нанёс шкоду на мільён еўра.

Каб «даказаць» гэта і зламаць Акалатовіча, КДБ амаль дзевяць месяцаў трымаў – па факту ў якасці закладнікаў у СІЗА КДБ двух яго прыхаджан, каб выбіць паказанні пра нібыта сустрэчы святара з замежнымі дыпламатамі. Следчы так яму і казаў:

«Калі б вы любілі сваю паству, то падпісалі б прызнанне, а так гэтыя людзі сядзяць праз вас».


Доўгі час было невядома, хто гэтыя двое. Нам удалося даведацца, што гэта былі:

Вайніцкі Рамуальд – ваенны ў адстаўцы
Вікторыя Шанец – працавала ў Валожынскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры

Іх адзінай «віной» было тое, што яны хадзілі ў адну парафію са святаром. Але гэта і не дзіўна. У КДБ нават не хавалі, што справа фейкавая. Акалатовічу казалі:

«Вы ж самі разумееце, што да гэтых самалётаў і мільёна еўра вы маеце такое самае дачыненне, як я да балета».


А следчы дадаваў:

«Мы б і на самога Ісуса Хрыста за паўгадзіны справу завялі».


Трымаць нявінных людзей заложнікамі, каб зламаць іншага чалавека, — гэта катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. І каб супрацьстаяць гэтаму сёння, трэба не маўчаць.