Хрыстос уваскрос!
Усіх, хто сьвяткуе, зь Вялікаднем!
Хрыстос прызямліўся ў Берасьці,
на самай мяжы эРБэ.
Расьце трава – і табе расьці,
і цуды рабіць – табе.
Хрыстос прызямліўся ў Горадні,
ня кажучы аб Гародні,
і ўсе жывыя – зь яго радні,
а мёртвы – яшчэ несьмяротней.
Хрыстос прызямліўся ў Смаргоні,
Нясьвіжы й Старых Дарогах,
і бэз – прадвесьнік ягоны,
і глог – у яго прароках.
Хрыстос прызямліўся ў Зэльве,
у Слоніме і Залесьсі –
і ксёндз запільвае сэлфі,
і бацюшка ў кадр залезе.
Хрыстос прызямліўся ў Гомелі,
у Ракаве ды Івянцы –
і ўсё, што людзі багомілі,
зьлятае, як дзьмухаўцы.
І, верачы праўдзе й байкам,
нібы пілот з карабля,
глядзіш, як сьвяточным яйкам
па небе плыве зямля.
Вялікдзень 2019