Наталля Калегава: “Першая пілотная група нашага рэтрыту на Канарскіх астравах — гэта дзяўчаты. Так с…

Наталля Калегава:Першая пілотная група нашага рэтрыту на Канарскіх астравах — гэта дзяўчаты. Так склалася натуральным чынам.

Мы даўно сябруем з сям’ёй Андрэя Шарэнды і шмат гадоў падтрымлівалі іх у барацьбе за Паліну. Калі Паліна выйшла на волю, я расказала ім пра ідэю рэтрыту на Канарскіх астравах — пра месца, дзе можна аднавіцца, выдыхнуць і паступова вярнуць сабе адчуванне жыцця.

Летась падчас адной з паездак на востраў я пазнаёмілася з уладальнікам вілы. Ён пранікся гэтай ідэяй і зрабіў для нас вельмі вялікую зніжку. Я расказала пра гэта Андрэю і Палiне, і яны падтрымалі ініцыятыву. Паліна сказала, што гэта сапраўды можа быць вельмі важным для дзяўчат, якія прайшлі праз калоніі.

Пасля гэтага я пачала размаўляць з жанчынамі, якія ўжо выйшлі на волю і цяпер знаходзяцца ў Еўропе. Мы ўбачылі вельмі вялікі водгук. Многія з іх прайшлі праз цяжкі досвед зняволення, праз гвалт і моцны псіхалагічны ціск. І для іх асабліва важна мець прастору, дзе можна крыху аднавіцца.

Паліна таксама вельмі дапамагла нам на этапе фармавання групы: яна перадала кантакты дзяўчат, якія ўжо прайшлі праз зняволенне і цяпер знаходзяцца на волі. Дзякуючы гэтаму мы змаглі пачаць размаўляць з імі непасрэдна і зразумець, наколькі такі фармат можа быць запатрабаваны.

На жаль, пры фармаванні групы ўзніклі і аб’ектыўныя абмежаванні. Адным з важных крытэрыяў была наяўнасць дакументаў, якія дазваляюць дзяўчатам легальна выехаць на Канарскія астравы з тых краін, дзе яны цяпер пражываюць. Акрамя таго, неабходна было мець магчымасць правесці на востраве амаль цэлы месяц — а гэта таксама цяпер магчыма не для ўсіх.

Таму першая пілотная група складаецца менавіта з дзяўчат. Але сам праект першапачаткова не задумваўся як выключна жаночы. Калі нам удасца знайсці фінансаванне, мы будзем арганізоўваць такія рэтрыты некалькі разоў на год — і для жанчын, і для мужчын.

Важна разумець: гэты рэтрыт — не проста пра адпачынак. Гэта пра магчымасць пераасэнсаваць і перафарматаваць сваё жыццё, пакінуць у мінулым траўматычны досвед, боль і гвалт. Нельга жыць з бясконцай крыўдай і бясконцым болем — асабліва тым, хто прайшоў праз такія выпрабаванні.

Я сама вылятаю на Канарскія астравы напрыканцы сакавіка, каб пракантраляваць усе падрыхтоўчыя працэсы і пераканацца, што ўсё будзе гатова да прыезду дзяўчат. На пачатку рэтрыту я таксама буду рэгулярна падтрымліваць сувязь з удзельніцамі, дапамагаючы ім адаптавацца і падтрымліваючы іх у першыя дні.

31 сакавіка ў мяне юбілей. Сёлета я вырашыла не ладзіць святкавання і не прымаць асабістыя падарункі. Замест гэтага я папрасіла мужа дапамагчы фінансава з арганізацыяй гэтай паездкі для дзяўчат. Але, вядома, для рэалізацыі праекта нам усё яшчэ патрэбная падтрымка.

Таму я звяртаюся і да іншых неабыякавых людзей. Калі ў вас ёсць магчымасць падтрымаць гэты праект, любая дапамога будзе вельмі важнай. Разам мы можам зрабіць так, каб у людзей, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, з’явілася прастора для аднаўлення, падтрымкі і новага пачатку”.

Падтрымку можна даслаць па рэквізітах на сайце: www.dapamoga.lt

Прамыя спасылкі для пераводаў на рахунак Dapamoga ў Swedbank:

данат 10€
данат 50€
данат 100€
данат 200€