«Калі вы перасякаеце мяжу з Беларуссю, то губляеце свае правы»Святлана Ціханоўская далучылася да жыв…

«Калі вы перасякаеце мяжу з Беларуссю, то губляеце свае правы»

Святлана Ціханоўская далучылася да жывога эфіру радыё LRT, дзе распавяла пра змену тактыкі рэжыму Лукашэнкі, пагрозы для грамадзянаў іншых краінаў пры падарожжах у Беларусь, а таксама пра тое, чаму салідарнасць з Беларуссю цяпер мае вырашальнае значэнне.

Пра небяспеку для тых, хто ўязджае ў Беларусь
«Рэжым змяніў тактыку. Відэазапісы з ахвярамі рэпрэсіяў, якія раней паказваліся на судах, цяпер імкнуцца схаваць, каб стварыць уражанне — у краіне ўсё спакойна. Але я мушу папярэдзіць патэнцыйных турыстаў: калі вы перасякаеце мяжу з Беларуссю, вы губляеце свае правы. Вас могуць затрымаць, пасадзіць у турму, а пасля выкарыстаць як абменны матэрыял».


Пра спробы пасварыць беларусаў і іх суседзяў
«Усе гэтыя гады рэжым Лукашэнкі спрабуе настроіць нас адно супраць аднаго — і супраць суседзяў. Мы бачым гэта на прыкладзе Літвы, але ў гэтай барацьбе мы не адныя. Салідарнасць і падтрымка з боку ўсіх дэмакратычных краінаў вельмі важныя ў такі гістарычны для Беларусі момант».


Пра беларускую мову
«У вёсцы, дзе я праводзіла лета з бабуляй і дзядулем, мы гаварылі па-беларуску. Таму я магу гаварыць па-беларуску, але, на жаль, не вельмі добра. Гэта вынік працяглай русіфікацыі. Але пасля Майдана і пачатку вайны, украінцы масава пераходзяць на ўкраінскую мову, каб захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Цяпер аналагічны працэс адбываецца і ў беларусаў».


Пра рэпрэсіі і падтрымку рэжыму з боку Расіі
«Рэпрэсіі пачаліся ў той жа дзень, калі былі сфальсіфікаваныя выбары. У той самы дзень людзей пачалі арыштоўваць і збіваць. Хто тады выратаваў Лукашэнку? Пуцін.
Тады яшчэ ніхто з нас не ведаў, што рыхтуецца вайна з Украінай і што Пуціну спатрэбіцца Лукашэнка, каб даць тэрыторыю для нападу. Менавіта таму Пуцін выратаваў дыктатара».


Пра саюзы супраць імперыі
«Усе краіны, якія змагаліся супраць імперскіх амбіцыяў Расіі, павінны трымацца разам і змагацца супольна. Тут Беларусь і Літва вялікія саюзнікі. Бо ніхто не ведае, куды далей раскінуцца амбіцыі Расіі. Мы павінны трымацца разам з Украінай, Малдовай і іншымі краінамі, якія цяпер вымушаныя змагацца на перадавой».