Памяць жыве: у Вільні ўшанавалі Вітольда АшуркаНягледзячы на дождлівае надвор’е і моцны вецер, у няд…

Памяць жыве: у Вільні ўшанавалі Вітольда Ашурка

Нягледзячы на дождлівае надвор’е і моцны вецер, у нядзелю 12 кастрычніка, на плошчы Кудзіркі ў Вільні адбылася акцыя салідарнасці і памяці беларускага грамадска-палітычнага і экалагічнага актывіста Вітольда Ашурка, якога забілі у сценах беларускай калоніі №17 21 мая 2021 года.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі аб’яднанне беларускіх палітвязняў RE:BELarus, дыяспара беларусаў у Літве, а таксама партыя «Народная Грамада» і Dapamoga.

Захад быў прымеркаваны да дня народзінаў Вітольда Ашурка — 13 кастрычніка яму споўнілася б 55 гадоў.

Свечкі, словы і памяць

На плошчы сабраліся каля трох дзесяткаў чалавек — актывісты, палітаязні Беларусі, журналісты, прадстаўнікі беларускіх арганізацый і проста неабыякавыя людзі, якія прыйшлі ўшанаваць памяць чалавека, што стаў сімвалам мужнасці і непахіснасці.

> «Няма большай любові за тую, як хто душу сваю пакладзе за сяброў сваіх» (Ян 15:13).

Удзельнікі запалілі 55 свечак — сімвал кожнага года жыцця Вітольда. Прадстаўнік RE:BELarus, Ілля Міронаў, зачытаў ліст з турмы — словы, прасякнутыя верай у Беларусь, у свабоду і ў сілу чалавечай годнасці.

«Мы прыйшлі сюды не толькі, каб успомніць Вітольда, але і ўсіх, хто сёння працягвае змагацца за праўду за кратамі. Пакуль у Беларусі ёсць палітвязні, — былых палітвязняў не існуе», — адзначылі прадстаўнікі RE:BELarus, якія сталі ініцыятарамі акцыі.

Беларусь у сэрцах і надзея на волю!

Журналісты канала Белсат асвятлялі падзею, каб голас дыяспары і памяць пра герояў Беларусі гучалі далей.

«Нягледзячы на дождж і вецер, людзі прыйшлі, бо сэрцы гараць, — сказала адна з удзельніц. — Мы памятаем, за што змагаўся Вітольд Ашурак, і ведаем, што Беларусь будзе вольнай».

Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!

https://t.me/REBELarus1

@REBELarus20

[email protected]