27 лістапада 1920 года на Случчыне выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне.
«…Наша справа – справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе», – з гэтых словаў у 1920 годзе пачалося Слуцкае паўстанне, якое засталося ў гісторыі яшчэ пад назвай Слуцкі збройны чын.
Калі вельмі сцісла, то сяляне Случчыны пад кіраўніцтвам мясцовых беларускіх афіцэраў, якія вярнуліся з фронту Першай сусветнай вайны, у лістападзе 1920 года стварылі вайсковую адзінку і цэлы месяц ваявалі з Чырвонай Арміяй за ідэю Беларускай Народнай Рэспублікі – непадзельную і незалежную Беларусь.
Напярэдадні паўстання 14-15 лістапада жыхары Слуцка і вакольных вёсак сабраліся разам на адмысловы з’езд, на якім і прынялі пастанову пра ўзброены супраціў бальшавікам. Беларускія афіцэры з баявым досведам адразу пачалі ствараць ваеннае фармаванне з мясцовых сялян. Добраахвотнікаў было больш чым дастаткова. У першую Слуцкую брыгаду стральцоў войска БНР увайшло да 4 тысяч чалавек. Яшчэ 6 тысяч чалавек было ў рэзерве. Цалкам за БНР на Случчыне былі гатовыя ваяваць да 10 тысяч чалавек.
Праблемы былі са зброяй. Случчане здабывалі яе ў баях з бальшавікамі. Першае сутыкненне адбылося 27 лістапада 1920 года, і гэты дзень лічыцца Днём Герояў і Днём вайсковай славы БНР. Дарэчы, баі Слуцкая брыгада вяла даволі паспяхова. Здзяйсняла смелыя паспяховыя напады на Чырвоную армію, адбівала вёскі і хавалася ў нейтральнай зоне на мяжы з Польшчай. Поспех і смеласць случчанаў, якія ваявалі за сваю свабоду, пераманьвалі расійскіх сялян з Чырвонай арміі, якія дэзерціравалі і пераходзілі на бок Слуцкага паўстання.
Бальшавікі дужа сур’ёзна ставіліся да паўстання і баяліся, што супраціў перакінецца на іншыя раёны Беларусі. Для задушэння Слуцкага Збройнага чына яны дамовіліся з палякамі, каб заходзіць на нейтральную тэрыторыю і нават на тэрыторыю Польшчы і там учынялі карныя аперацыі супраць сялян, якія падтрымлівалі паўстанцаў. 28 снежня 1920 года жаўнеры Слуцкай брыгады перайшлі на польскі бок мяжы і здаліся палякам.
Случакі ахвярна змагаліся за нашую незалежную краіну. Менавіта таму гэтая падзея назаўсёды ўвайшла ў нашую гісторыю як адзін з важных крокаў да пабудовы сучаснай Незалежнай Беларусі.