Абодвух гэтых людзей пакаралі не за палітыку. Проста яны прасоўвалі беларускую культуру. А нацыянальная культура ў акупаванай краіне па-за палітыкай з пэўнага моманту заставацца не можа.
Для акупантаў нацыянальная культура – адзін з галоўных ворагаў. Па-першае, яна заўсёды будзе жывіць пратэст, бо нагадвае акупаваным народам, хто яны і адкуль. А па-другое, калі яе раптам не стане, можна будзе сказаць: “мы не захапілі тэрыторыі, мы прынеслі туды цывілізацыю”.
Краіна ў акупацыі, і ўсё ў ёй – нібыта за кратамі. Але, як годны чалавек за кратамі застаецца годным чалавекам, так і нацыянальная культура працягвае жыць і застаецца сабой. Пакуль беларускую класіку ў беларускіх тэатрах ставяць па-расейску, выставы зачыняюць, бо туды выпадкова трапіў “няправільны” мастак, а канцэрты ў Мінску дае выключна танная расейская папса, сапраўднае культурнае жыццё таксама існуе.
У розныя часы, у розных краінах людзі выносілі вершы з турмаў, вывучыўшы іх на памяць, і перадавалі адзін аднаму перапісаную ад рукі забароненую літаратуру. Сучасныя тэхналогіі робяць такія рэчы прасцейшымі і цяжэйшымі адначасова, бо ворагі таксама карыстаюцца тэхналогіямі. Зараз, каб развіваць беларускую культуру ў Беларусі, трэба быць непублічным. Трэба быць незаўважным. Трэба шукаць аднадумцаў асцярожна. Ці атрымліваецца гэта?
Ну вось трэцяя навіна. На літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ў гэтым годзе першае і другое месца занялі кнігі, назвы і аўтараў якіх нельга апублічыць. То-бок, кнігі выйшлі, і іх чытаюць, і крытыкам яны спадабаліся. Але – кнігі выйшлі ў Беларусі. Ці гэта не лепшая ілюстрацыя таго, што зараз адбываецца з беларускай культурай?
Сёння мы б хацелі падзякаваць усім тым, хто робіць вялікія і малыя рэчы для беларускай культуры, застаючыся ў краіне. Вам цяжка, вы не можаце атрымаць прызнанне. Але вашая справа – правільная і важная. Трымайцеся, і дзякуй вам. Аднойчы назвы кніг, што сёлета атрымалі прэмію Гедройця, назавуць са сцэны не ў Гданьску, а ў Мінску. Аднойчы ўсім, хто захоўвае зараз беларускую культуру, хто не дае ёй згаснуць, беларусы змогуць падзякаваць асабіста.
Свабоду Алегу Ларычаву!
Свабоду Інзе Казючыц!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!