Чаму беларуская мова лічыцца непрыдатнай для навукі і тэхналогій і як гэта змяніць

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

Адкуль узялася думка, што беларуская мова не падыходзіць для навукі і тэхналогій?

Часам можна пачуць, што па-беларуску цяжка размаўляць пра навуку, тэхналогіі ці складаныя прафесійныя рэчы. Маўляў, для гэтага ў мове не хапае слоў, таму даводзіцца пераходзіць на расійскую. Але ці сапраўды беларуская мова ад прыроды не прыстасаваная да такіх тэм?

У пачатку XX стагоддзя беларуская мова актыўна развівалася і ў навуковай сферы. У 1921 годзе пачала працаваць Навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася стварэннем беларускай тэрміналогіі. Пазней гэтую працу працягнуў Інстытут беларускай культуры, на базе якога ў 1929 годзе стварылі Акадэмію навук.

Выдаваліся зборнікі беларускай навуковай тэрміналогіі, ствараліся слоўнікі для розных галін ведаў: матэматыкі, геаметрыі, батанікі, логікі і іншых дысцыплін. Беларускамоўныя аўтары пісалі падручнікі і навуковыя працы. Гэта быў не проста збор асобных беларускіх слоў, а спроба зрабіць мову паўнавартасным інструментам адукацыі і навукі.

Але ў 1930-я гады гэты працэс жорстка перапынілі рэпрэсіі. Лінгвістаў, якія распрацоўвалі беларускую тэрміналогію, абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне». Многіх арыштавалі, саслалі або расстралялі. У 1933 годзе правялі рэформу правапісу, якая наблізіла беларускія нормы да расійскіх.

Пад удар трапілі не толькі людзі, але і кнігі. 3 чэрвеня 1937 года савецкая цэнзура выдала загад №33 аб канфіскацыі літаратуры з бібліятэк, навучальных устаноў і кнігарняў. У спіс увайшоў 421 загаловак, а ўсе кнігі 53 аўтараў загадвалі канфіскаваць цалкам. Пад забарону траплялі, сярод іншага, падручнікі па гісторыі і геаграфіі, слоўнікі і іншыя выданні. Частку кніг знішчалі фізічна – рэзалі ў друкарнях або спальвалі. Толькі за 1937 год 399 выданняў, надрукаваных у БССР на беларускай і расійскай мовах, знішчылі або адправілі ў спецсховішчы.

Такім чынам, беларуская мова страціла не толькі цэлае пакаленне навукоўцаў, але і значную частку інтэлектуальнай спадчыны, на якой магло працягвацца развіццё прафесійнай мовы.

Пасля расійская стала асноўнай мовай вышэйшай адукацыі, навуковых даследаванняў і многіх прафесійных сфер. Беларуская ж усё часцей заставалася па-за імі. Калі дзесяцігоддзямі не выдаваць на мове падручнікі, не весці на ёй даследаванні і не ствараць прафесійную тэрміналогію, яна непазбежна будзе здавацца менш прыдатнай для такіх задач.

Але гэта не недахоп самой мовы. Гэта вынік палітыкі, якая спачатку перапыніла яе развіццё, а потым выцесніла з важных сфер жыцця.

Насамрэч не існуе моў, ад прыроды прыдатных або непрыдатных для навукі. Навуковыя тэрміны не абавязкова павінны гучаць аднолькава ва ўсіх мовах: іх перакладаюць, адаптуюць або ствараюць новыя словы, калі ўзнікае такая патрэба. Так адбываецца з любой мовай, якая выкарыстоўваецца ў адукацыі і навуковых даследаваннях. Пытанне не ў тым, ці здольная беларуская мова апісваць складаныя тэхналогіі або навуковыя адкрыцці, а ў тым, ці ёсць умовы для развіцця яе тэрміналогіі і выкарыстання ў гэтых сферах.

Беларуская мова не нарадзілася толькі для песень, літаратуры і побытавых размоў. Яна можа быць мовай навукі, тэхналогій, адукацыі і бізнесу. Проста для гэтага ёй патрэбныя не толькі прыгожыя словы, але і рэальнае месца ў гэтых сферах.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee