​​Пра грамадска-палітычную дзейнасць Макара Краўцова вядома ці не больш, чым пра яго паэзію. Ён так …

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Пра грамадска-палітычную дзейнасць Макара Краўцова вядома ці не больш, чым пра яго паэзію. Ён так і не пабачыў пры жыцці зборніка ўласных твораў. Не вядома дакладна, дзе і як ён загінуў і дзе пахаваны. Арыштаваны ў 1939 г, а потым… Потым усё зразумела.

Беларусы дакладна ведаюць яго “Ваяцкі гімн” (“Мы выйдзем шчыльнымі радамі”) – сур’ёзны верш, і на старых фотаздымках Макар Краўцоў выглядае занадта сур’ёзна. Але хочацца, каб людзі памяталі не толькі сур’ёзнае. Таму вось вам сумны верш пра каханне.

Макар Краўцоў – Раманс

Ціха спаў стары лес недалёчка,
На балоце кулік чыркацеў,
Той вясны была цёмная ночка,
Што не вернецца зноў, каб хацеў.

Хутка недзе схавалася вёска,
Ўсё гусцела й гусцела імгла;
Твая мілая, доўгая коска
Чорнай стужкай на плечы лягла.

Яшчэ зоркамі вочкі свяцілі.
Шчасце-моладасць грэла душу…
Тыя думкі, што нас засмуцілі,
Я дагэтуль, як шчасце, нашу.

“Нас нядоля ліхая злучыла,
І ў наплыве сляпога чуцця
Ўсю атруту пазнаць навучыла”…
Дый заплакала ты, як дзіця.
………………………………
Было жудасна нам сярод ночы,
Лёд нядолі застыў каля нас.
Ты, як ангел, мне глянула ў вочы
І пачула: “Расстацца нам час”…

1918 г

Жыве Беларусь!