​​Наконт смяротнага пакарання. Падчас апошняга тыдня ўзгадваліся класічныя аргументы супраць. Усе ян…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Наконт смяротнага пакарання. Падчас апошняга тыдня ўзгадваліся класічныя аргументы супраць. Усе яны агучаны не раз: жыццё – найвялікшая каштоўнасць,  верагоднасць судовай памылкі,  праблема з прызначэннем выканаўцаў прысуду, вось гэта ўсё. Цалкам гуманістычныя аргументы, цалкам разумныя.

Але ж мы жывем у часы дыктатуры, недазаконня. І часам, калі чалавек чуе пра чарговае злачынства, напрыклад, губазікаў, ці сам сутыкаецца, дык вось, часам ён думае: “А добра, што смяротнае пакаранне не адмянілі, яшчэ спатрэбіцца”.

Турма павінна выпраўляць, але ці здольны выправіць гады турмы (хоць сучаснай беларускай, хоць нарвежскай) катаў і маньякаў, што здзекуюцца з беларусаў больш за трыццаць гадоў, з дазволу галоўнага ката і маньяка? Ні краты, ні псіхіятрыя тут не дапамогуць, не. А смяротнае пакаранне – гэта такая зручная опцыя, ну як яе не ўзгадаць.

Але, сябры, але. Ёсць аргумент супраць, які звычайна не агучваюць, таму што ён не такі гуманістычны, як астатнія. Вось ён: злачынцы павінны несці адказнасць. А смерць пазбаўляе адказнасці.

Забойства – гэта танны спосаб для дзяржавы пазбавіцца ад праблемы, а для ахвяр злачынцы – часовая ілюзія ці то помсты, ці то справядлівасці.

Але сам мёртвы злачынца нічога не адчувае. Ні болю, ні страху,  ні цяжару жыцця, якое перастала быць лёгкім і прыемным.

Можа, нехта з іх і паспее ўцячы туды, дзе нічога няма. Яны і зараз гэтым займаюцца, навіны пра смерці розных “сілавікоў” стабільна з’яўляюцца ў смі. Але дзяржава не павінна дапамагаць ім пазбегнуць такім чынам адказнасці, не. А калі хто верыць у пекла ці кола сансары – пагадзіцеся, вышэйшая пасмяротная справядлівасць без праблем пачакае, пакуль здзейсніцца справядлівасць прыжыццёвая.

Але што прымусіць іх адчуць цяжар пакарання? Бо для  нармальных людзей цяжка згубіць свабоду, не бачыць родных і сяброў, не мець магчымасці займацца любімай справай. А вось гэтыя, якія забілі Рамана Бандарэнку, ці глядзелі, як памірае Алесь Пушкін, што цяжка і балюча для іх?

Усё проста, насамрэч. Ім балюча будзе страціць уладу. З гаспадароў жыцця ператварыцца ў звычайнах людзей. І разам з уладай страціць грошы, нарабаваныя падчас “ператрусаў”.
Так, грошы – вялікая для іх каштоўнасць, таму няхай глядзяць, як жонкі афармляюць развод паводле спрошчанай працэдуры і забіраюць тую маёмасць, якую не канфіскавала дзяржава на карысць ахвяр іх злачынстваў. Як на іх месцы ў кабінетах прыходзяць новыя людзі, гатовыя працаваць законна. Як іх паступова забываюць, быццам іх і няма. Але пры гэтым – жывуць.

І не важна, якія там, за кратамі, умовы. Будуць добрыя ўмовы. Будуць ім і матрацы, і бібліятэка з кнігамі Алексіевіч. Будуць рэгулярныя перадачы і лісты, калі знойдуцца жадаючыя перадаваць і пісаць.

Тут варта ўзгадаць, што ў турэмнай сістэме розных краін, не толькі нашай, ёсць хібы. Ну як, хібы. Начальства калоній актыўна дапамагае будаваць іерархію з “аўтарытэтамі”, “нізкім статусам” і “стукачамі”. Іерархію, што дазваляе дрэнным людзям пачувацца добра нават з абмежаванай свабодай. Дык вось, прававая дзяржава, да якой мы імкнемся, павінна вынішчыць усё гэта. Паралельна з адменай смяротнага пакарання, вядома ж. Злачынцы мусяць несці адказнасць паводле рашэння справядлівага суда, не больш і не менш.

Вось так, сябры. Вялікія гуманісты з нас не атрымаюцца, але гэта не важна. У рэшце рэшт, дзяржава забіла рознымі спосабамі мноства людзей, дрэнных, добрых і выпадковых. І куды гэта яе прывяло? Нам патрэбны глабальныя змены, і адмена смяротнага пакарання – адна з іх.

Злачынцы адкажуць іншымі спосабамі.

Жыве Беларусь!