​​Шэсць гадоў. Шмат ці не? Шэсць гадоў спатрэбілася на перамогу над гітлерам. Шэсць гадоў доўжылася …

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

​​Шэсць гадоў. Шмат ці не? Шэсць гадоў спатрэбілася на перамогу над гітлерам. Шэсць гадоў доўжылася перабудова, што разваліла ў выніку СССР. Шэсць гадоў жывуць вавёркі і жаўрукі, калі іх не з’есць раней нехта драпежны. За шэсць гадоў зносяцца самыя добрыя боты. Першакурснік зробіцца аспірантам. За шэсць гадоў можна радыкальна змяніць жыццё, ці жыццё можа радыкальна змяніцца. Можна згубіць сябе, можна знайсці, а можна захраснуць у моманце, як захраслі героі фільма Interstellar на той самай планеце з акіянам. Дарэчы, нашы шэсць гадоў – гэта 51 хвіліна там. Не шмат.

Дзецям, народжаным у 2020-м, спаўняецца шэсць гадоў. Яшчэ маленькія. Не ўсе добра чытаюць, але за хвіліну знаходзяць любімыя мульцікі на Ютубе. Ведаюць, як складаць лічбы. Не ведаюць, як памнажаць. Ведаюць, што бацькі не заўсёды будуць побач, і што не ўсе дарослыя – годныя людзі, і не ўсе – разумныя.

Час для дзяцей не ляціць, а ідзе павольна. Яно і зразумела: што для нас шэсць гадоў, для іх – усё жыццё. Яны заўважаюць рэчы, на якія мы не звяртаем увагі. Дробязі робяць іх шчаслівымі, і дробязі прымушаюць плакаць. Кожны дзень – новае адкрыццё, новы цуд. Яны ўсе ўмеюць маляваць, прыдумляць, знаходзіць сяброў. Яны не блытаюцца ў адценнях шэрага, і добра ведаюць, што правільна (нават калі робяць па-іншаму). Яны быццам больш жывыя.

Гэтая суперздольнасць – быць надзвычай жывым –  сыходзіць з часам. Дарослыя не цікавяцца ўсім у свеце, плачуць рэдка, але і смяюцца па-сапраўднаму таксама рэдка. Мы прывыкаем і не сумуем аб страчаным.

Але часам гэтая здольнасць вяртаецца нечакана. Шэсць гадоў таму мы зноў сталі надзвычай жывымі. Усе і разам. Сярод  шэрага і штодзённага, сярод клімату, дзе сонечныя дні – рэдкі скарб, сярод стомленых шматпавярховікаў і газонаў з травой, якую ўсё косяць і косяць, а яна ўсё расце і расце. Мы адчулі сябе жывымі. Сярод стрэлаў і выбухаў і чорных шлемаў, сярод сцягоў, прамянеючых у нябёсах, сярод страху і радасці і надзеі, мы зноў ведалі, што мае сэнс, а што не. Шчасце было агульным, і слёз хапала на кожнага, і падтрымку можна было адчуць ад незнаёмцаў, бо незнаёмцы – не чужыя.

Але чужыя таксама былі, на жаль. Дзецям прасцей. У іх казках зло мае нечалавечую прыроду, нават твар у зла (калі ён ёсць) схаваны пад маскай. Яго не трэба разумець, каб перамагчы, яно проста злое. А сапраўднае, не казачнае зло мы разумеем занадта добра. Для разумення дастаткова зазірнуць у падручнік гісторыі. Яно расло стагоддзямі, яно мае тысячы твараў, і ўсе падобныя да нашых. Мы, дарослыя, ведаем, што ў барацьбе з такім злом можна страціць не толькі жыццё, але і сумленне.

Але і ў дзіцячых казках, і ў жыцці надыходзіць момант, калі цярпець зло больш немагчыма. Шэсць гадоў таму момант надышоў, і мы ўсё яшчэ ў моманце. Шэсць гадоў як шэсцьсот, ад таго чароўнага надзвычайнага пачуцця жыцця засталося больш болю, чым радасці.

Але. Мы жывыя, а значыць, маем жаданні і надзеі. І ёсць адно агульнае жаданне і агульная надзея: каб дзеці, народжаныя ў 2020 г, і раней, і пазней, і тыя, што яшчэ прыйдуць у гэты свет, раслі ў свабоднай краіне. Каб са злом яны сустракаліся толькі на старонках кніг. Каб бацькі былі побач, а не за кратамі ці ў вымушанай эміграцыі. І мы дарослыя, а значыць, маем адказнасць: перад дзецьмі, перад краінай, перад сабой. Можа, знікла эйфарыя 2020 г. Але пачуццё адказнасці засталося. А значыць, шляху назад няма.

Адказнасць – гэта цяжка, і незразумелая будучыня нярэдка палохае нас, дарослых. Але спытайце ў шасцігадовага дзіцяці, што будзе ў канцы. Дзіця адкажа: “усё будзе добра”. І хто мы такія, каб спрачацца.

Са святам годнасці, сябры!
Жыве Беларусь!