«Хоць нясцерпным ставала гора / Наваколле пакуль што маўчала / Ноч плыла агнямі і зорамі… / Нарадзіўся Янка Купала.» — так заканчваецца верш Караткевіча «Папараць-кветка», пакладзены на музыку Кулінковічам у праекце «Скрыпка дрыгвы». Здаецца, у кароткім чатырохрадкоўі зашыфраванае міфалагічнае стаўленне да Купалы: прарока, песняра і збаўцы.
Будучы паэт нарадзіўся ў вёсцы Вязынка на Вілейшчыне ў сям’і арандатара Дамініка Луцэвіча. Бацька паходзіў са збяднелай каталіцкай шляхты, быў залічаны да мяшчанаў, але падчас хросту сына адзначыў дваранскае паходжанне. Маленства і юнацтва Янка правядзе ў пераездах з адной на іншую арандаваную гаспадарку ў ваколіцах Радашковічаў.