Ну і, вядома ж, зноў пачынаюцца спекуляцыі на тэму ўступлення беларускай арміі ў вайну. Ўступіць ці не ўступіць?!
А давайце ўзгадаем, што як мінімум 27 беларускіх вайскоўцаў утрымліваюцца за кратамі, большасць атрымалі шалёныя тэрміны за гэтак званую “здраду дзяржаве”.
Калісці Ягор Лебядок сказаў, што “армія – гэта частка народа”. Але вайскоўцы ў адрозненне ад цывільных давалі прысягу. А прысягаюць у беларускай арміі не прэзідэнту, не дзяржаве і нават не краіне, а народу. А яшчэ дарэчы ў прысязе ёсць радок пра абарону незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.
А народ Беларусі супраць уступлення ў вайну, і ў самой вайне жадае перамогі Украіне. Пацучыная прапаганда можа адмаўляць гэта, але праўду самі яны добра ведаюць. Што да незалежнасці, народ таксама разумее, адкуль ідзе пагроза.
Вайскоўцаў, што памятаюць прысягу і захавалі вернасць інтарэсам краіны, абвяшчаюць здраднікамі. Іх судзяць таемна, прысуды хаваюць. Мы не ведаем сапраўдных настрояў ва ўзброеных сілах. Але можа, гэтыя настроі, – адна з прычын, чаму наша армія не пайшла ў 2022 г праз украінскую мяжу? І ў гэтыя неспакойныя дні мы спадзяемся, што годных людзей сярод беларускіх вайскоўцаў дастаткова.
Дзякуй усім, для каго прысяга – не пустыя словы.
Свабоду палітзняволеным вайскоўцам!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!